
фота ілюстрацыйнае
У МУС краіны заявілі, што грамадзянства павінна быць «прывілегіяй, якую трэба заслужыць», піша тэлеграм-канал «Беларусы ў Польшчы».
Сярод прапанаваных змен:
— абавязковы экзамен на грамадзянства — тэст з прыблізна 40 пытанняў на веданне гісторыі, каштоўнасцей і законаў Польшчы, а таксама ўзроўню інтэграцыі ў грамадства.
— падпісанне акта лаяльнасці да польскай дзяржавы,
— высокі ўзровень валодання польскай мовай — не ніжэй за B2,
— мінімум 8 гадоў пражывання ў Польшчы,
— наяўнасць польскага падатковага рэзідэнцтва.
У МУС тлумачаць, што мэта рэформы — павысіць статус польскага грамадзянства і ўсталяваць выразныя патрабаванні для тых, хто поўнасцю інтэграваўся ў польскае грамадства.
На фоне абмеркаванняў працягваюцца і палітычныя спрэчкі. Раней прэзідэнт Польшчы Наўроцкі прапанаваў уласны праект, згодна з якім мінімальны тэрмін бесперапыннага пражывання для атрымання грамадзянства павінен быць павялічаны з 3 да 10 гадоў.
У канцы красавіка 2026 года апазіцыйная партыя «Закон і справядлівасць» унесла на разгляд законапраект, які прадугледжвае кардынальнае ўзмацненне правілаў атрымання грамадзянства для замежнікаў.
Прапануецца «нулявая талерантнасць» да хуліганскіх правапарушэнняў і парушэнняў грамадскага парадку з боку замежнікаў. За паўторнае падобнае парушэнне прапануюць аўтаматычна дэпартаваць парушальніка.
Апазіцыя хоча ўвесці наступныя ўмовы атрымання грамадзянства для замежнікаў:
— павялічаны мінімальны тэрмін аселасці пры натуралізацыі — 10 гадоў замест цяперашніх трох;
— павялічаны тэрмін для асоб, якія знаходзяцца ў шлюбе з грамадзянінам Польшчы — шэсць гадоў замест трох;
— павялічаны тэрмін бесперапыннага пражывання для асоб з польскімі каранямі і Картай паляка — пяць гадоў замест аднаго года;
— абавязковае веданне польскай мовы на роўні C1 замест сярэдняга B1;
— здача спецыяльнага дзяржаўнага экзамену на веданне польскай культуры і гісторыі.
