
Як даведаўся пра вайну ва Украіне і як выглядала турэмная прапаганда пасля пачатку вайны, журналіст і былы палітвязень Анджэй Пачобут расказаў LRT.
Андрэй кажа, што пра пачатак вайны вязні даведаліся ўжо ў першы дзень — па радыё падчас прагулкі.
— Было дрэнна чуваць, радыё грала ціха, таму мы не ўсё зразумелі, але стала ясна, што паміж Расіяй і Украінай пачаліся ваенныя дзеянні. Калі мы вярнуліся ў камеру, праз турэмныя гукаўзмацняльнікі раптам пачалі гучаць песні часоў Другой сусветнай вайны, так званай «Вялікай Айчыннай вайны», як яе называюць у Беларусі, «Вставай, страна огромная» і падобныя кампазіцыі. Гэтыя ваенныя песні гралі амаль увесь дзень. Наглядчыкі хадзілі па калідорах у відавочна прыўзнятым настроі.
Пачобут гаворыць, што наогул турэмная сістэма Беларусі і Міністэрства ўнутраных спраў адкрыта сімпатызуюць Расіі. З іх боку пастаянна гучалі фразы накшталт «можам паўтарыць Берлін», гаворыць былы вязень.
— Памятаю, як яны радасна каментавалі адзін аднаму: «хахлы ўцякаюць» — маўляў, украінцы бягуць са сваёй краіны, хутка ўсё скончыцца. З іх проста лілася ўпэўненасць. Яны так былі ў сабе ўпэўненыя. Аднак пазней стала ясна, што вайна развіваецца не так, як чакала Расія. Украіна пачала абараняцца, і гэтая фанабэрыстасць вельмі хутка знікла. Песні таксама замаўчалі — іх больш не ўключалі.
Журналісты таксама спыталі яго, ці трэба сёння, на яго думку, размаўляць з Лукашэнкам? Ці з’яўляецца такі дыялог сёння неабходнасцю ці памылкай? Пачобут кажа, што пакуль не гатовы даць адназначны адказ.
— У канечным выніку адказ дае сама рэальнасць — трэба дзейнічаць так, каб гэта давала вынік. Калі перамовы даюць вынік, калі яны дапамагаюць чагосьці дасягнуць, значыць, трэба размаўляць. Але калі размовы не даюць ніякага выніку, які сэнс іх працягваць? — гаворыць ён.
