Ежы Грыгенча

Гарадзенскі грамадска-палітычны актывіст Ежы Грыгенча, які ўжо значны час не пражывае ў Беларусі, атрымаў паведамленне з суду Ленінскага раёну гораду над Нёманам. У ім гаворыцца пра тое, што 19 траўня бягучага году ў памяшканні суду Ленінскага раёну адбудзецца паседжанне па грамадзянскай справе паводле позвы аддзелу прымусовага выканання.

На вычварэнска-бюракратычнай расейскай мове гэта гучыць так: “назначено судебное заседание по гражданскому делу по представлению отдела принудительного исполнения Ленинского района г. Гродно о разрешении произвести осмотр
жилого помещения Григенча Ежи Ивановича без согласия должника”.
Падпісана афіцыйная папера суддзём Дзмітрыем Кобрынцам.

У выніку такога “заседания” аддзел прымусовага выканання атрымае дазвол на зламанне замкоў у кватэру, у якой зараз ніхто не пражывае і ўласнікам якой ёсць Ежы Грыгенча. Мэта – ацаніць кватэру і пазней выставіць яе на продаж.

Напомнім, што ў лістападзе 2024 году Грыгенчу засудзілі да 6 гадоў калоніі завочна ў рамках так званай спецвытворчасці па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Карны прысуд аформіў суддзя Васіль Скок, пасля чаго неўзабаве пайшоў на пенсію. Карны вырак: шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма, а таксама штраф ажно на 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў).

Крыху пазней Грыгенчу ўлады ўнеслі з “спіс экстрэмістаў” і ў “спіс тэрарыстаў”. У траўні 2025 году канфіскаваны ўладамі ў выніку палітычнага пераследу аўтамабіль сям’і грамадска-палітычнага актывіста прадалі на аўкцыёне. Судовы выканаўца, якая аформіла адпаведныя дакументы – Наталия Болтуть. Яна ж вядзе і справу па канфіскацыі і продажу маёмасці іншага гарадзенца – журналіста і праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча.