
Павел Карлюкоў. Фота з ягонай старонкі Вконтакте
На камеру мужчына кажа, што нібыта зайшоў на сайт Каардынацыйнай рады, абраў спіс Паўла Латушкі і прагаласаваў, бо «хацеў даведацца, як хутка яго знойдуць міліцыянеры».
Праўладныя тэлеграм-каналы паказалі відэа з чарговым затрыманым нібыта за анлайн-галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду. Гэта гродзенец Павел Карлюкоў.
Ён выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, дзе з 1998 да 2003 года вывучаў замежныя мовы і нават паспеў папрацаваць выкладчыкам у роднай ВНУ.
Мужчына шмат гадоў правёў у ЗША. З 2007 да 2020 года ён змяніў дзясятак прац за акіянам: быў афіцыянтам на круізных лайнерах, працаваў у гатэлях, аўтасалонах і кавярнях у Фларыдзе і іншых штатах.
Аднак амерыканская мара не склалася. У верасні 2020 года гродзенец пакінуў водгук на іміграцыйную службу ЗША ў Чыкага. Мужчына скардзіўся, што яму адмовілі ў афармленні дакументаў на сталае жыхарства праз адсутнасць нейкай прышчэпкі.
Карлюкоў вярнуўся да выкладання. Апошнія гады ён працаваў настаўнікам англійскай мовы на фрылансе, у тым ліку ў анлайн-школе Skyeng.
Што з ім цяпер — невядома.
Сілавікі пагражалі завядзеннем крымінальнай справы за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і тым, хто балатуецца ў КР, і тым, хто галасуе.
Ці Карлюкоў сапраўды галасаваў, невядома. Ён мог перайсці па сапраўднай спасылцы галасавання, але не ўключыць VPN, і гэта дазволіла б сілавікам адсачыць яго актыўнасць. Ён мог перайсці па нейкай фэйкавай спасылцы. Магчыма і варыянт, калі яго затрымалі за нешта іншае, але папрасілі агучыць падрыхтаваны тэкст пра галасаванне.
Наша Ніва
