кватэра Уладзіміра Хільмановіча

пакой кватэры Уладзіміра Хільмановіча, выстаўленай на продаж

Гарадзенскія ўладныя органы судовага выканання выставілі на продаж арыштаваную па крымінальнай палітычнай справе кватэру журналіста і праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча. Аўкцыён па яе продажы павінен адбыцца 26 траўня бягучага году. Двухпакаёвую кватэру плошчай 50 квадратных метраў яшчэ раней ацанілі на 126 тысяч беларускіх рублёў. “Независимую оценку” кватэры, якая знаходзіцца ва ўласнасці журналіста, правёў аддзел прымусовага выканання Ленінскага раёну Гародні.

Перад тым органы судовага выканання выставілі на аўкцыён канфіскаванае раней лецішча гарадзенскага праваабаронца і журналіста, якое знаходзіцца ў Мастоўскім раёне. 19 сакавіка, аднак, прадаць яго з аўкцыёну не ўдалося. Яшчэ раней чыноўнікі канфіскавалі і ўжо прадалі ўсю бытавую тэхніку сям’і Уладзіміра Хільмановіча (лядоўню, тэлевізар, пральную машыну).

Напомнім, што ўлады апошнія гады пераследуюць Хільмановіча за яго публіцыстычную і праваабарончую дзейнасць. Пры тым з лета 2021 году журналіст не жыве ў Беларусі. 19 жніўня 2024 году Гарадзенскі абласны суд у асобе Ігара Собалева па сукупнасці артыкулаў завочна прызначыў Хільмановічу пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у «папраўчай» калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і вялізны штраф – 1 тысяча базавых велічынь, што складае 40 тысяч беларускіх рублёў.

25 кастрычніка таго ж году Вярхоўны суд прадказальна не задаволіў апеляцыйную скаргу публіцыста і праваабаронца. Пасля чаго прысуд увайшоў у сілу.

Судовая выканаўца, якая вядзе працэс спагнання, – Наталия Ивановна Болтуть. На яе дзеянні Уладзімір Хільмановіч накіраваў адпаведную электронную і пісьмовую скаргу, аднак у парушэнне заканадаўства ніякага афіцыйнага адказу ў вызначаны тэрмін не атрымаў.

З новых парушэнняў заканадаўства ў гэтай справе тое, што орган, які працягвае палітычны пераслед праваабаронцы – дзяржаўная кантора «БелЮрОбеспечение» – пры выстаўленні кватэры на продаж сцвярджае, што ў кватэры зарэгістраваны адзін паўналетні ўладальнік. Насамрэч у кватэры зарэгістраваны яшчэ дарослы сын Уладзіміра Хільмановіча, маёмасныя правы якога парушаны. 

кухня кватэры, выстаўленай на продаж