Уладзімір Хільмановіч

Працягваецца пераслед гарадзенскага праваабаронца, журналіста, літаратара Уладзіміра Хільмановіча. Беларускае Радыё Рацыя пагаварыла з ім пра сутнасць завочных рэпрэсій.

Шматдзетнага бацьку завочна засудзілі ў жніўні 2024 года на пяць гадоў калоніі і 1000 базавых велічынь штрафу. У залік штрафу быў накладзены арышт на яго маёмасць. Ужо прададзена бытавая тэхніка, спрабавалі прадаць лецішча і 29 траўня адбудзецца аўкцыён па продажу кватэры, дзе акрамя самога Уладзіміра прапісаны ягоны дарослы сын.

Уладзімір Хільмановіч: Здарылася тое, што працягваецца сістэмны пераслед усіх незалежных журналістаў, праваабаронцаў, якія нават знаходзяцца за мяжою. Тых, хто з гледзішча рэжыму, уяўляе нейкую ўяўную небяспеку сваімі артыкуламі, сваёй дапамогай іншым людзям. Нават да гэтай пары не ўдалося высветліць, за якія канкрэтна мае журналісцкія публікацыі і артыкулы такі жорсткі вырак у рамках так званай спецвытворчасці. Прысуджана мне пяць гадоў і вялізны штраф – 1000 базавых велічынь, што ў эквіваленце складае хіба каля 12 тысяч еўра ці нават болей. Таму адбываецца заканамерны пераслед тых, хто змагаецца за справядлівасць, за праўду, тых, хто мае смеласць выказваць свае крытычныя думкі на тое, што адбываецца сёння і апошнія гады, асабліва астатнія пяць гадоў у Беларусі.

РР: Вам удалося ў свой час выехаць за межы. На вас на той час была ўжо заведзеная крымінальная справа?

Уладзімір Хільмановіч: На той час на мяне не было ніякай крымінальнай справы, я нікуды не ўцякаў. Я не выязджаў з гледзішча таго, што мяне пераследуюць. Я выязджаў па сваёй фрылансерскай працы. Меркаваў пабыць у Польшчы месяц-два і збіраўся вяртацца. Але потым пачаўся узмоцнены пераслед праваабаронцаў і журналістаў, у тым ліку праваабаронцаў «Вясны». Таксама пераслед нашых “бажаўскіх” сяброў з гарадзенскай філіі. І вяртацца сталася ўжо ў ліпені 2021 года вельмі рызыкоўна і небяспечна. Крымінальная справа была пачатая пазней, па нейкіх фармальных крытэрыях, па нейкіх публікацыях. Я мяркую ўсё ж такі, што гэта пераслед па суме ўсёй маёй дзейнасці. Таму што ў 2020 годзе шмат даводзілася дапамагаць пацярпелым людзям ад рэпрэсіяў у розны спосаб. Так што гэта было пытаннем часу.

Цалком размову слухайце тут:

Паводле Уладзіміра Хільмановіча, сам крымінальны пераслед і абвяшчэнне завочнага прысуду з’яўляюцца актамі палітычнай помсты. Таму продаж маёмасці выступае не як механізм спагнання доўгу, а як эскалацыя гэтых рэпрэсій.

Беларускае Радыё Рацыя