
Выйшаў на свабоду 31‑гадовы Тамаз Піпія. Яму прысудзілі 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК), а ўжо ў зняволенні дадалі яшчэ 1,5 года за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» (арт. 411 КК).
Тамаз Піпія — футбольны заўзятар колішняга мінскага клуба «МТЗ-РІПА». Яго затрымалі 26 верасня 2020 года ў Гародні па падазрэнні ва ўдзеле ў пратэстах 23 верасня.
Па справе Тамаз праходзіў не адзін: яго брат Цімур Піпія таксама стаў палітзняволеным.
2 ліпеня 2021 года суд Маскоўскага раёна Менску прысудзіў Тамазу Піпіі 5 гадоў узмоцненага рэжыму. Справу разглядала суддзя Святлана Бандарэнка.
Як часта бывае з палітвязнямі, тэрмін Піпіі на гэтым не скончыўся.
5 верасня 2024 года ў судзе Наваполацка разгледзелі новую крымінальную справу — паводле арт. 411 КК. Суддзя Таццяна Хрыпач дадала Тамазу Піпіі яшчэ 1,5 года калоніі.
