Мікалай Ляпешка

Актывіста з Ваўкавыска Мікалая Ляпешку затрымалі ў 2023 годзе за ўдзел у акцыях пратэсту. Пасля некалькіх месяцаў “хатняга арышту” яму прызначылі” хімію”, але ён пакінуў Беларусь. Аднак пераслед мужчыны на гэтым не скончыўся. Супраць былога палітвязня распачалі яшчэ некалькі крымінальных спраў, у тым ліку за “здраду дзяржаве” за ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду. “Вясна” распавядае гісторыю пераследу актывіста.

У судзе Ваўкавыскага раёну ў студзені 2024 году Мікалая засудзілі за ўдзел у пратэстах паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Пасля трох сутак у ізалятары мужчыну перавялі на “хатні арышт”,  Агулам па справе праходзілі 10 чалавек. Мікалаю прызначылі адзін год і 10 месяцаў “хіміі”. Але ён з сям’ёй паспеў пакінуць Беларусь.

У траўні 2024 года, калі мужчына ўжо як пяць месяцаў жыў у Варшаве, супраць Мікалая пачалі новую крымінальную справу паводле дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўнікоў улады). У Беларусі і Расеі яго абвясцілі ў вышук. Каля мясцовага РАУС развесілі арыентыроўку з пазнакай аб меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Сёлета Мікалай вылучаўся ў Каардынацыйную Раду ў складзе кааліцыі Латушкі і руху “За свабоду”. Гэта пацягнула за сабой рэпрэсіі ў Беларусі, распавядае актывіст.

Я жыву ў Польшчы са студзеня 2024 года. На пачатку траўня 2026 года прыехаў КДБ да майго брата і цешчы. Правялі ператрус у маёй кватэры ў Ваўкавыску і апячаталі яе. Вядома, што супраць мяне распачатыя некалькі крымінальных спраў, у тым ліку за “здраду дзяржаве”. КДБшнікі перадалі мне, што калі я не прыеду, то сядзе мой брат замест мяне.

Супрацоўнікі абяцалі мне яшчэ патэлефанаваць, але прайшло ўжо амаль два з паловай тыдні, званка не было”.

Мікалай распавядае, што кватэру, якую апячаталі супрацоўнікі, яго сям’я атрымала як шматдзетная і дагэтуль выплачвае за яе крэдыт.

“Калі кватэру апячаталі, то супрацоўнікі КДБ сказалі, што крэдыт прыйдзецца плаціць. Жыллё забралі, а крэдыт усё роўна плаціцца. Калі мы не будзем плаціць, то з цешчы, як з паручыцелькі, будуць адбіраць з заробку суму крэдыту. Абсурд нейкі”.