фота ілюстрацыйнае

Падляская ваяводская ўправа ў Польшчы прапануе аднавіць пасажырскія чыгуначныя злучэнні з Гародняй у разе паляпшэння геапалітычнай сітуацыі. Цяпер скразныя цягнікі паміж Польшчай і Беларуссю не курсуюць.

Пра гэта паведамляе буйны польскі галіновы партал Rynek Kolejowy, які піша пра чыгуначны транспарт і перавозкі.

Паводле выдання, у межах кансультацыяў наконт гарызантальнага раскладу руху (HRJ) самакіраванне Падляшскага ваяводства прапанавала Міністэрству інфраструктуры Польшчы залучыць у будучую сетку зносінаў аднаўленне маршруту да Гародні.

«У межах распрацоўкі Міністэрствам інфраструктуры праекту міжгародніх чыгуначных перавозак для новай пасажырскай сеткі мясцовыя ўлады прапанавалі запусціць цягнікі далёкага следавання ў Белавежу, Ломжу і, калі міжнародная сітуацыя палепшыцца, у Гародню пасля рамонту лініі», – адзначыла прадстаўніца Падляшскага ваяводскага ўправы Малгажата Пулторак.

Пры гэтым улады рэгіёну падкрэсліваюць, што не плануюць істотных зменаў у рэгіянальнай сетцы маршрутаў, якую фінансуюць самастойна.

Выданне нагадвае, што цягнікі з Польшчы ў Гародню не ходзяць з 2020 года. Спыненне міжнародных маршрутаў з Варшавы і Кракава было першапачаткова звязанае з пандэміяй COVID-19, а пасля – з сітуацыяй на мяжы і міграцыйным крызісам.

Нагадаем, што 6 лютага 2026 года Беларускі дзяржаўны тэлеканал Першы інфармацыйны паведамляў, што з 1 красавіка 2026-га Польшча плануе аднавіць чыгуначнае злучэнне з Беларуссю. Але на запыт «Белсату» польская чыгунка (PKP Polskie Linie Kolejowe S.A.) зняпраўдзіла гэтую інфармацыю.

Яшчэ раней, у снежні 2025-га, Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы паведамляла, што «ўсцяж няма ўмоваў для аднаўлення руху з Беларуссю», і гэта залежыць ад пагрозаў нелегальнай міграцыі на польска-беларускай мяжы.

Белсат