
Гарадзенка Валянціна Навумава была затрыманая 5 верасня 2025 году. Спачатку фігураваў артыкул 367 Крымінальнага кодэксу. 27 лютага бягучага году былі выстаўлены абвінавачванні па новых артыкулах Крымінальнага кодэксу. Зараз сталі вядомыя ўсе артыкулы, паводле якіх выстаўлены абвінавачанні.
Навумавай інкрымінуюць ажно 10 (!) артыкулаў:
артыкул 16, частка 6 (Пасобніцтва ў саўдзеле ў злачынстве)
артыкул 130, частка 1 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці)
артыкул 130, частка 3 (Дзеянні, якія прадугледжаны часткамі 1 ці 2 артыкулу, здзейсненыя групай асобаў)
артыкул 188 (Паклёп)
артыкул 203-1, частка 3 (Парушэнне тайны перапіскі, тэлефонных перамоваў)
артыкул 361-4, часткі 1 і 2 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна)
артыкул 367, частка 2 (Паклёп у дачыненні Лукашэнкі)
артыкул 368, частка 1 (Абраза Лукашэнкі)
артыкул 369 (Абраза прадстаўніка ўлады)
артыкул 370 (Здзек з дзяржаўных сімвалаў)
артыкул 391 (Знявага суддзі)
Такі аб’ём палітычнага пераследу Валянціны Навумавай. Напомнім, што Навумава значны час была сябрам партыі левых “Справядлівы свет”. Яе пераследавалі і раней. Так у 2017 годзе яна была засуджана па адміністрацыйнай справе за ўдзел у акцыі “недармаедаў” 15 сакавіка таго году.
