Алесь Бяляцкі

29 траўня на Міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве прайшла творчая аўтарская сустрэча з кіраўніком праваабарончага цэнтра «Вясна» і Нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім. На сустрэчы былі прадстаўлены дзве кнігі Бяляцкага. Адна з якіх «Алесь», выдадзена выдавецтвам «Полацкія Лабірынты», і другая –  «Іртутнае срэбра жыцця» на дзвюх мовах.

Алесь Бяляцкі лічыць, што напісанне ім кніг у няволі «Алесь» і «Іртутнае срэбра жыцця» – гэта добры лек, які дапамагае пераадольваць фізічныя і духоўныя пакуты, звязаныя з нялюдскімі турэмнымі ўмовамі, гаворыць Алесь Бяляцкі:

-Калі быў у калоніі, хацелася нейкім чынам падтрымліваць сябе маральна, інтэлектуальна. Таму пісанне – гэта заўсёды было часткай маёй абавязковай праграмы. І гэтая кніга была напісаная падчас першага тэрміну – з 2011 па 2014 год, калі я сядзеў. Калі знаходзіўся ўжо ў Бабруйскай калоніі, то мне пісалася лёгка. Пісаў я ў асноўным пра падзеі, якія датычыліся выбараў 2010 года, потым вобшукаў, арыштаў, якія абрынуліся.

Алесь Бяляцкі спадзяецца, што і новыя яго кнігі, якія ён збіраецца пісаць пра жорсткія ўмовы ў месцах зняволення, будуць цікавыя чытачу.

Гаворыць Таццяна Нядбай – старшыня Беларускага ПЭНа і выдаўчыня «Полацкіх лабірынтаў»:

-Гэта вельмі важная падзея, таму што Алеся мы ведаем як праваабаронцу, як грамадскага дзеяча, але ягоная дзейнасць як літаратара таксама вельмі істотная. Бо ён праз свае кнігі захоўвае, сведчыць пра вельмі важныя рэчы. І яго сустрэча тут менавіта як пісьменніка, як лаўрэата Нобелеўскай прэміі – гэта вельмі істотная падзея для нас усіх.

Прысутныя на сустрэчы набылі кнігі Бяляцкага, і некаторыя стаялі ў чарзе за аўтографам паўтары-дзве гадзіны, але людзі не былі гэтым расчараваныя, гаворыць хрысціянскі прапаведнік Сяргей Мельянец:

-Такі гонар у сэрцы, што ёсць такія беларусы, з якімі хочацца быць побач. Дзякуй Богу за Алеся!

На сустрэчу прайшло шмат людзей, гэта былі беларусы і палякі. Палякі набывалі ў асноўным кнігу Бяляцкага «Іртутнае срэбра жыцця», перакладзеную на польскую мову. 

Беларускае Рады Рацыя