жылая забудова

Жылая забудова. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: LookByMedia

Прадстаўнікі Беларускага дэмакратычнага форуму Валерый Цапкала і Дзмітрый Балкунец звярнуліся да Еўрапарламенту з просьбаю ўхваліць рэзалюцыю, што датычыць кампенсацыяў беларусам за рэпрэсіі і адабраную маёмасць на радзіме. Балкунец раскрыў «Белсату» падрабязнасці гэтай ініцыятывы, якая застаецца актуальнаю праз тое, што ўлады Беларусі не спыняюць маштабны палітычны пераслед.

«За апошнія некалькі гадоў улады Рэспублікі Беларусь распрацавалі новы і ўсё больш абвостраны інструмент палітычных рэпрэсіяў. Палітычных апанентаў больш не караюць толькі пазбаўленнем свабоды. Іх сістэматычна пазбаўляюць уласнасці, высяляюць з жытла, руйнуюць эканамічна і вымушаюць з’язджаць у выгнанне. Іхны бізнес канфіскуюць. Іхныя кватэры і дамы адбіраюць. Іхныя банкаўскія рахункі замарожваюць. Іхныя сем’і пазбаўляюць эканамічнай бяспекі. Іхныя дзеці губляюць права на спадчыну і рэальныя магчымасці вярнуцца на радзіму», – адзначаецца ў лісце, што даслалі ў Еўрапарламент прадстаўнікі Беларускага дэмакратычнага форуму, палітык Валерый Цапкала і палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Яны прапанавалі дэпутатам ухваліць рэзалюцыю, дзякуючы якой у ЕЗ з’явіўся б механізм выплаты кампенсацыяў рэпрэсаваным беларусам.

Праваабаронцы прызнаюць, што завочныя прысуды з канфіскацыяй маёмасці, якую потым выстаўляюць на аўкцыён, – ёсць прыкладам трансгранічных рэпрэсіяў. Адна з апошніх такіх гісторыяў – спроба прадаць гарадзенскую кватэру журналіста Уладзіміра Хільмановіча. Што праўда, ахвочых не знайшлося, і цяпер маёмасць можа перайсці ва ўласнасць дзяржавы.

Хільмановічу раней завочна далі пяць гадоў калоніі і буйны штраф нібыта за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання. У кошт гэтага штрафу маёмасць, уласна, сканфіскоўваецца і прадаецца.

Гэта ўжо добра наладжаны механізм, дзеля якога ўлады прадугледзелі хіба ўсё: прыдумалі завочныя суды («спецыяльнае вядзенне»), забаранілі ўгоды з нерухомасцю і транспартам паводле даверанасцяў, выдадзеных за мяжою. А выносіць палітычныя выракі лукашэнкаўскія суддзі навучыліся ўжо даўно.

Ані дзяржава, ані новыя ўладальнікі маёмасці не грэбуюць: з аўкцыёнаў прадаюцца гадзіннікі, аўты, бытавая тэхніка, лецішчы, долі ў нерухомасці, кватэры з абцяжваннем. Напрыклад, менскае жытло Ціханоўскіх нехта купіў, нягледзячы на прапісаных там няпоўнагадовых дзяцей.

Не першая прапанова

Колькі дакладна асобаў пацярпелі такім чынам, дакладна не вядома. Яшчэ ў 2024 годзе фракцыя «Еўрапейскай Беларусі» ў Каардынацыйнай радзе анансавала рэзалюцыю, згодна з якой будзе распрацаваны Закон «Аб парадку і ўмовах аднаўлення правоў уласнасці грамадзянаў на захаваную нерухомасць, а таксама на выплату кампенсацыяў».

Планавалася, што будзе створаны адзіны рэестр асобаў, у каго з палітычных матываў канфіскавалі або арыштавалі нерухомасць, і грамадзяне змогуць падаць заяву на аднаўленне правоў уласнасці пасля змены ўлады ў Беларусі.

Што там цяпер з рэзалюцыяй і законапраектам, невядома. Кіраўнік фракцыі Валерый Мацкевіч на момант публікацыі гэтага матэрыялу не адказаў «Белсату».

Затое з’явілася новая ініцыятыва, звязаная з кампенсацыямі беларусам, пазбаўленых маёмасці з палітычных прычынаў. 

«Дзве сястры – Беларусь і Расея»

Сузаснавальнікі Беларускага дэмакратычнага форуму Валерый Цапкала і Дзмітрый Балкунец падрыхтавалі праект рэзалюцыі Еўрапарламенту з заклікам да Еўракамісіі і Еўрапейскую раду стварыць Еўрапейскі кампенсацыйны фонд для ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, прычым не толькі для грамадзянаў Беларусі, але і Расеі.

Балкунец растлумачыў «Белсату», што гэта звязана з перайманнем Масквою беларускага досведу. На мінулым тыдні Дзярждума аднагалосна ўхваліла закон аб арышце маёмасці грамадзянаў, якія выехалі за мяжу і «ўчынілі правапарушэнні супраць інтарэсаў РФ». Ідзецца нават не пра крымінальныя справы, а адміністрацыйныя.

Падставаю для арышту жытла, аўта ці банкаўскага рахунку стане, напрыклад, «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», удзел у «непажаданых арганізацыях» (беларускі аналаг – «экстрэмісцкія арганізацыі ці фармаванні»), «дыскрэдытацыя войска» і распаўсюд «фэйкаў» (за гэта ўважаюць любое выказванне пра вайну, якое супярэчыць пазіцыі ўладаў).

«Мы гаворым не пра “агульны кацёл” для беларусаў і расейцаў, а пра сам прынцып міжнароднага механізму кампенсацыяў для людзей, якія пацярпелі ад палітычна матываванай канфіскацыі маёмасці і вымушанай эміграцыі. Расея была ўключаная таму, што механізмы рэпрэсіяў і практыка пазбаўлення маёмасці там таксама набылі сістэмны характар. Але гэта не азначае, што беларусы і расейцы аўтаматычна будуць прэтэндаваць на грошы з аднаго “кашалька” без асобных працэдураў і квотаў. Канчатковая мадэль павінна вызначацца на ўзроўні міжнародных інстытутаў», – кажа Балкунец.

Ён даводзіць, што прыклад адной толькі Беларусі можа не ўразіць еўрадэпутатаў, таму давялося ўжыць «цяжкую артылерыю»:

«Беларусь часта ўспрымаецца як занадта лакальны і асобны кейс. Калі ж мы паказваем, што падобныя практыкі існуюць і ў іншых краінах, гэта ўжо сведчыць пра сістэмную міжнародную праблему, а не пра адзінкавы выпадак. Пагатоў і Беларусь, і Расея бралі на сябе міжнародныя абавязанні ў сферы абароны права ўласнасці, правоў чалавека і недатыкальнасці маёмасці, але фактычна гэтыя абавязанні не выконваюцца».

«Для міжнароднага права гэта не навіна»

Паводле палітолага, такія механізмы кампенсацыяў прыдуманыя не сёння.

«Пасля Другой сусветнай вайны былі створаныя механізмы рэстытуцыі і кампенсацыі ахвярам нацысцкіх канфіскацыяў і палітычнага пераследу. У Нямеччыне пазней дзейнічалі доўгатэрміновыя праграмы кампенсацыяў і вяртання маёмасці, у тым ліку культурных каштоўнасцяў», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».

Яшчэ ён згадаў Ірана-амерыканскі трыбунал у Гаазе, створаны ў 1981 годзе пасля Іранскай рэвалюцыі «для разгляду патрабаванняў, звязаных з канфіскацыяй маёмасці і парушэннем правоў уласнасці».

«Гэты механізм замацаваў прынцып, што незаконная экспрапрыяцыя стварае абавязак кампенсацыі нават у кантэксце палітычных канфліктаў і змены рэжымаў», – заявіў Балкунец.

«Арыенцір – € 1 млн»

«У мэтах забеспячэння эфектыўнага пакрыцця шкоды і істотнай кампенсацыі за грубыя парушэнні асноватворных правоў, кампенсацыя, што прызначаецца ахвярам, у якасці агульнага прынцыпу мае быць не ніжэй за € 1 млн на аднаго пацярпелага», – напісалі аўтары ў праекце рэзалюцыі Еўрапарламенту. Пры гэтым ахвяраў не пазбаўляюць права патрабаваць і больш, калі «кошт канфіскаваных актываў і задакументаваных стратаў перавышае гэтую суму».

Колькі агулам грошай можа спатрэбіцца, каб кампенсацыю атрымалі ўсе пацярпелыя, Балкунец не ведае:

,,

«Пакуль няма дакладнай ацэнкі, колькі людзей могуць звярнуцца па кампенсацыю. Спачатку патрэбны міжнародны рэестр пацярпелых, валідацыя кейсаў і агульныя крытэры. Мы разумеем, што гаворка можа ісці пра тысячы людзей. Таму сума ў € 1 млн – гэта не “гатовае рашэнне”, а хутчэй арыенцір для дыскусіі пра маштаб адказнасці дзяржавы за незаконную канфіскацыю і зламаныя лёсы».

Дакладныя падставы для таго, каб прэтэндаваць на кампенсацыю, таксама яшчэ не вызначаныя:

«Мы прапануем разглядаць комплекс шкоды: канфіскацыю маёмасці, прымусовую эміграцыю, палітычны пераслед, страту бізнесу, немагчымасць вярнуцца дадому, пазбаўленне базавых грамадзянскіх правоў. Канчатковыя крытэры павінны распрацоўвацца юрыстамі і міжнароднымі экспертамі».

Такога ж абмеркавання патрабуе пытанне, колькі грошай даваць, калі ў адабранай кватэры ці кампаніі было некалькі ўласнікаў:

«Сума ў € 1 млн таксама не азначае “аўтаматычны мільён на чалавека”. Тут магчымыя розныя мадэлі. Напрыклад, калі маёмасць мела некалькіх уласнікаў, то кампенсацыя можа разлічвацца прапарцыйна долям. Гэта пытанне патрабуе асобнага прававога механізму».

Адкуль возьмуцца грошы?

Матэматыка нескладаная: калі ахвярамі прызнаюць сто асобаў, спатрэбіцца € 100 млн, а калі тысячу – € 1 млрд.

Адмысловы кампенсацыйны фонд аўтары праекту рэзалюцыі прапануюць папаўняць за кошт:

  • канфіскацыі дзяржаўных актываў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі, што знаходзяцца ў межах юрысдыкцыі чальцоў ЕЗ;
  • прыбытку і актываў дзяржаўных прадпрыемстваў, што фінансуюць рэпрэсіі і падтрымоўваюць аўтарытарныя рэжымы;
  • арыштаваных дзяржаўных грузаў, камерцыйнай уласнасці і фінансавых актываў, звязаных з «беларускім і расейскім рэжымамі»;
  • спецыяльнага мыта ў памеры не меней за 10 % на гандлёвыя аперацыі з удзелам дзяржаўных прадпрыемстваў і падсанкцыйных структураў, звязаных з «рэжымамі Рэспублікі Беларусі і Расейскай Федэрацыі».

Дзмітрый Балкунец падсумаваў, што, калі ўдасца распрацаваць і замацаваць на міжнародным узроўні механізм выплаты кампенсацыяў беларусам і расейцам, такая практыка «можа стаць універсальным інструментам і для іншых краінаў, дзе дзяржава ўжывае канфіскацыю маёмасці і вымушаную эміграцыю як форму палітычнага ціску».

«Мы ўважаем важным стварыць прэцэдэнт, які будзе працаваць не толькі для Беларусі і Расеі», – сказаў палітолаг.

Сцяпан Кубік belsat.eu