Іван Каспяровіч

Стала вядома, што напрыканцы траўня супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ператрусам у лідскую кватэру актывіста Івана Каспяровіча, які з 2021 году жыве ў вымушанай эміграцыі.

Сілавікі апісалі маёмасць мужчыны.

У 2020 годзе Каспяровіч браў удзел у мітынгах у Лідзе, пачаў адміністраваць некалькі пратэсных каналаў, адзін з якіх – “Дошка ганьбы” – змяшчаў дадзеныя найбольш рэпрэсіўных сілавікоў. Але праз некалькі месяцаў Івана вылічылі і затрымалі. Каспяровіча затрымалі ў Лідзе 25 лістапада 2020 года. 

Пазней яму прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса, нібыта за абразу прадстаўніка ўлады. Праз трое сутак следчы прыняў рашэнне адпусціць Каспяровіча пад заклад, якія ўнеслі сваякі. Першы суд адбыўся у Лідзе 29 снежня 2020 года, тады прысудзілі два гады “хатняй хіміі” і 3000 рублёў матэрыяльнай кампенсацыі за маральны ўрон былому прэс-сакратару Гродзенскага УУС  А. Дудко. 

Неўзабаве пасля суда Івана затрымалі ізноў, на гэты раз па заяве начальніка Дзятлаўскага РАУС за збор і распаўсюджванне прыватнай інфармацыі аб супрацоўніках міліцыі. Ён адседзеў трое сутак у Дзятлаўскім РАУС, пакуль яго дапыталі па гэтай справе.

27 студзеня 2021 года Гродзенскі аблсуд замяніў Каспяровічу ўмовы адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (“хатняя хімія”) на “хімію” з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і паменшыў памер грашовай кампенсацыі на карысць пацярпелага Дудко да 1500 рублёў.

Іван Каспяровіч пакінуў Беларусь і выехаў у Расею, пазней ён выехаў ва Украіну. Потым пераехаў у Польшу. Там адразу звярнуўся па міжнародную абарону і некалькі месяцаў правёў у лагеры для мігрантаў, пакуль афармляліся дакументы.

Суд Лідскага раёна 6 лютага 2025 года пастанавіў завочна замяніць Івану неадбыты тэрмін пакарання (год і 11 месяцаў у выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) на 11 месяцаў і 26 дзён пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Каспяровіча таксама абвясцілі ў вышук.