
Белсат прааналізаваў адкрытыя звесткі з уладных рэсурсаў. Была створана адмыслова мапа прызнання рознымі раённымі судамі “экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Даследнікі пішуць:
На сайце Міністэрства інфармацыі мы спампавалі ўвесь спіс, зрабілі табліцу з назвамі судоў і датамі іх рашэнняў. Адфільтравалі памылкі кшталту «суд Барановичкого района» (прапушчаная літара С) і «суд Светлогорского района Минской области» (Светлагорскі раён – у Гомельскай). Дадалі афіцыйную колькасць насельніцтва раёнаў і гарадоў з базы Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Палічылі колькасць рашэнняў аб прызнанні матэрыялаў «экстрэмісцкімі» на 10 тысячаў чалавек насельніцтва раёну ці гораду.
У выніку выйшла, што Глускі раён не проста анамальна «экстрэмісцкі» – гэта з вялікім адрывам самы «экстрэмісцкі» раён Беларусі!
У абсалютнай колькасці «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Менск, вядома, чэмпіён, бо гэта найбуйнейшы горад у колькасці насельніцтва. Суды ўсіх раёнаў Менску 999 разоў называлі матэрыялы «экстрэмісцкімі», з гэтага 532 – суд Цэнтральнага раёну, самы прадуктыўны ў прызнанні «экстрэмізму».
Але Менск не самы «экстрэмісцкі» горад Беларусі з папраўкаю на насельніцтва. У Берасці з улікам усіх раёнаў 12,33 «экстрэмісцкага матэрыялу» на 10 тысячаў чалавек, у Віцебску – 8,13, у Магілёве – 7,08, у Гародні – 6,47, у Менску – 5,01, у Гомелі – 4,48.
«Лідары ў экстрэмізме на 10 тысячаў чалавек насельніцтва» такія:
- Глускі раён – 49,45,
- Цэнтральны раён Менску – 39,36,
- Ленінскі раён Берасця – 38,67,
- Ушацкі раён – 28,24,
- Чыгуначны раён Віцебску – 24,27,
- Пухавіцкі раён – 21,61,
- Мёрскі раён – 21,03,
- Крупскі раён – 20,14.
Пры гэтым два раёны Беларусі – Бераставіцкі і Мсціслаўскі – наагул чыстыя, без «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Гэтыя суды пакуль не “працавалі” у такім кірунку.
Агулам у спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» на 4 чэрвеня 5664 рашэнні. Але матэрыялаў яшчэ больш: адным рашэннем суд можа назваць «экстрэмісцкімі» і дзясятак старонак. І некалі суды назвалі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і «экстрэмісцкім фармаваннем» праект Dze.chat, які збіраў на мапе лакальныя чаты беларусаў. Выходзіць, адным рашэннем сотні чатаў маглі стацца «экстрэмісцкімі».
Што трэба ведаць пра «экстрэмісцкія матэрыялы»
За стварэнне, захаванне і распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі караюць паводле арт. 19.11 КаАП РБ. Калі матэрыял яшчэ не быў залучаны ў спіс, фізічную асобу могуць пакараць штрафам да 20 базавых велічыняў (900 рублёў) і канфіскацыяй «прадмета правапарушэння» (часта забіраюць тэлефоны і камп’ютары), для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў штрафы нават большыя. Калі ж матэрыял ужо быў занесены ў спіс «экстрэмісцкіх», пакаранне павялічваецца: для фізічнай асобы – штраф ужо ад 10 да 30 базавых (450–1350 рублёў), магчымыя грамадскія працы або арышт. Для юрыдычных асобаў у такім выпадку штраф можа дасягаць 500 базавых (22 500 рублёў).
Караюць пры гэтым не толькі за распаўсюд і фактычнае захаванне. Сілавікі прызнавалі: фактычна караюць за падпіску на «экстрэмісцкія матэрыялы», хоць законы такога не дазваляюць.
Некаторыя «экстрэмісцкія матэрыялы» незразумелыя: у спісе ёсць відэафайл «Песенка», графічныя файлы aajG6OrSr20 і Vr3pVg67J8c, кнігі «Святослав#4» і «Святослав#5»… Што на тых карцінках, якая песенька «экстрэмісцкая» і ці можна чытаць першыя тры кнігі пра Святаслава, невядома.
Белсат
