У Вільні працуе беларуская прастора Kropka — крама-майстэрня і культурная пляцоўка. Тут прадаюць адзенне, аксесуары і мерч беларускіх брэндаў, а таксама ладзяць сустрэчы і імпрэзы. Праект адкрыў былы палітвязень, гарадзенец Зміцер Фурманаў са сваёй жонкай Вольгай — у інтэрв’ю «Белсату» ён расказаў, колькі каштаваў запуск, чаму бізнэс пакуль працуе амаль у нуль і з якімі цяжкасцямі сутыкаецца.

Зміцер Фурманаў
Сузаснавальнік прасторы Kropka ў Вільні і былы палітвязень Зміцер Фурманаў. Вільня, Літва. 20 лютага 2026 года. Фота тут і далей: Белсат

Бізнэс па-беларуску: укладанні, выдаткі і праца амаль у нуль

— Як узнікла ідэя адкрыць «Кропку»?

— Да таго як адкрыць «Кропку», я працаваў у дастаўцы — амаль паўтара года, ездзіў на ровары. І, у прынцыпе, мог бы і далей там працаваць. Але жонка прапанавала паспрабаваць пачаць уласны бізнэс. Да адкрыцця крамы і прасторы «Кропка» мы схадзілі на шоўрум майстроў і ўбачылі, што ёсць людзі, з якімі можна супрацоўнічаць. Тады і падумалі, што можам адкрыць такое месца. Спачатку ў нас было не больш за 20 майстроў, а каля 50 — ужо ў першыя месяцы працы. Цяпер з намі працуюць ужо больш за 150 майстроў.

— Колькі ў выніку каштавала адкрыць краму? Якімі былі пачатковыя ўкладанні?

— Мы ўклалі каля 10 тысячаў еўраў сваіх грошай. І яшчэ давялося ўзяць у банку крэдыт на 5 тысячаў еўраў, таму што патрэбны быў дэпазіт за арэнду — за тры месяцы наперад. Гэты крэдыт мы дагэтуль выплачваем, але ўжо хутка павінны закрыць.

Сузаснавальнік прасторы Kropka ў Вільні і былы палітвязень Зміцер Фурманаў. Вільня, Літва. 20 лютага 2026 года. Фота: Белсат

— Колькі вы цяпер плаціце за арэнду і наогул колькі ідзе на краму на месяц?

— Калі браць у сярэднім усе выдаткі за год і дзяліць па месяцах, то разам з арэндай, падаткамі, камунальнымі плацяжамі і іншымі выдаткамі атрымліваецца каля 2000 еўра на месяц.

— Сёння бізнэс ужо прыносіць прыбытак ці пакуль працуе ў нуль?

— Калі браць першы год, а мы пачалі працаваць у траўні, то мы нават выйшлі ў невялікі плюс, бо не захапілі самыя цяжкія зімовыя месяцы. А вось наступны год ужо быў поўны, і там спачатку былі невялікія мінусы, потым удалося выйсці ў плюс. Але калі глядзець па выніку года, то атрымліваецца зусім няшмат — прыкладна на роўні мінімальнага даходу па літоўскіх мерках. Цяпер мы яшчэ пачалі плаціць ПДВ: 21 % на тавары і 5 % на кнігі. Таму пакуль паводле вынікаў года можам выйсці або ў невялікі мінус, або ў вельмі невялікі плюс, амаль у нуль. Усё залежыць ад таго, ці будзе больш пакупнікоў — і анлайн, і афлайн.

— Як выглядае мадэль працы? Вы выкупляеце тавары ў майстроў ці бераце іх на рэалізацыю?

— Па-рознаму. Хтосьці хоча працаваць на ўмовах выкупу, і тады мы дамаўляемся пра аптовую цану. Але часцей майстры даюць нам тавары на рэалізацыю, і пасля продажу мы разлічваемся з імі.

Прастора Kropka. Вільня, Літва. 20 лютага 2026 года. Фота: Белсат

— Вы працуеце ў «Кропцы» адзін ці вам нехта дапамагае?

— Спачатку жонка мне дапамагала, але апошнія паўтара года ўжо не можа, бо занятая выхаваннем сына — яму цяпер якраз паўтара года. Часам яна прыязджае сюды, а ў звычайным рэжыме я ў краме адзін. Воля больш дапамагае з дызайнам, афармленнем, выкладкай, а я ў асноўным на касе.

— Другі пакой у вас выкарыстоўваецца як прастора для імпрэзаў і сустрэчаў? 

— Так, тут праходзяць розныя прэзентацыі, майстар-класы, сустрэчы, кінапаказы, нават батлейка ў нас была некалькі разоў. Увогуле тут можна праводзіць розныя падзеі. Цяпер, напрыклад, праходзяць жаночыя сустрэчы — жаночы клуб. І гэта таксама працуе на краму: людзі прыходзяць не толькі на сустрэчу, але і знаёмяцца з прасторай, заходзяць у краму, потым вяртаюцца.

— Вы здаяце гэтае памяшканне ў арэнду ці даяце пляцоўку бясплатна?

— Калі падзея звязаная з прасоўваннем беларускай мовы і культуры, то мы можам даваць прастору за кошт «Кропкі», бясплатна. Мы з жонкай спачатку дамовіліся, што адна з нашых мэтаў — захоўваць беларускую ідэнтычнасць, бо цяпер у Беларусі ўсё беларускае знішчаецца. А калі гаворка пра камерцыйную падзею, тады ўжо абмяркоўваецца кошт арэнды.

Сузаснавальнік прасторы Kropka ў Вільні і былы палітвязень Зміцер Фурманаў. Вільня, Літва. 20 лютага 2026 года. Фота: Белсат

— Калі глядзець з пазіцыі ўжо пражытага досведу, што было самым складаным пры запуску бізнэсу ў Літве?

— У нашым выпадку ўсё было даволі проста. Я б не сказаў, што ў нас былі нейкія сур’ёзныя перашкоды — ні з паперамі, ні з адкрыццём. Цяпер галоўная праблема — гэта грошы: пасля таго як пачалі плаціць дадатковыя падаткі, стала складаней выходзіць у плюс. Але ў цэлым усё працуе нармальна. Можна сказаць, што ў Літве дастаткова добрыя ўмовы для малога бізнэсу.

«Зайшоў, убачыў адзенне на манекене і адразу сказаў: «Гэта ўсё запакуйце мне»

— У ліпені 2024 года ў вашай краме разбілі вокны і пакінулі абразлівы надпіс на літоўскай мове з памылкамі — «вяртайцеся дадому, беларускія свінні». Тады вы казалі, што нічога не знікла, а сам інцыдэнт расцанілі як правакацыю з палітычным падтэкстам. Чым скончылася гэтая гісторыя?

— На дадзены момант расследаванне працягваецца. Наколькі я ведаю, справу перадалі ў іншы аддзел. Цяпер мяне ўжо асабліва не інфармуюць пра тое, што адбываецца, але, напэўна, можна зрабіць запыт і даведацца. Хаця мне здаецца, усё будзе прыкладна так жа, як і з іншымі беларускімі прасторамі ў Вільні, на якія таксама былі напады. Выканаўцаў, можа быць, і знойдуць, а вось замоўцаў — наўрад ці. А хто мог быць замоўцам, зразумела: або лукашэнкаўскі рэжым, або расейскія спецслужбы.

— Хто вашы асноўныя кліенты — беларусы ці турысты?

— Гэта залежыць ад сезону. Улетку, у турыстычны сезон, большасць пакупнікоў — турысты. Вясной, восенню і асабліва зімой — больш беларусаў. Беларусы ў асноўным купляюць кнігі, адзенне. Турысты часцей бяруць сувеніры — магніты, бірулькі і падобныя рэчы.

Прастора Kropka. Вільня, Літва. 20 лютага 2026 года. Фота: Белсат

— Турысты разумеюць, што гэта не проста сувенірная крама, а беларуская прастора? Вам даводзіцца нешта тлумачыць?

— Так, спачатку яны пытаюцца, чаму тут напісана Belarus, чаму такая сімволіка, бо звычайна яны ведаюць іншы сцяг. І я тады расказваю пра гістарычныя падзеі, пра тое, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі. Пасля гэтага людзям становіцца больш зразумела, яны пачынаюць цікавіцца. Многія потым шукаюць інфармацыю пра Беларусь ужо самі. У нас ёсць і кнігі пра беларускую гісторыю, у тым ліку на англійскай, так што гэта таксама дапамагае.

— Ці бываюць у вас дзіўныя пакупнікі, якіх можна западозрыць у правакацыях або сувязях са спецслужбамі?

— Адкрыта агрэсіўных або хамаватых не было. Але дзіўныя бываюць. Магчыма, кагосьці і сапраўды засылаюць, каб дабыць нейкі «вешчдок». Яны задаюць правакацыйныя пытанні: чаму ў вас такая сімволіка, чаму гэта прадаецца ў Вільні, каму гэта трэба. Стандартны набор пытанняў, па якіх адразу можна зразумець, навошта чалавек прыйшоў. Але няхай прыходзяць, нам гэта нават у плюс.

— А можаце ўзгадаць самую вялікую куплю?

— Так, былі такія пакупнікі, якія пакідалі больш за 500 еўраў. Прычым не за адзін раз. Памятаю, напрыклад, беларус прыехаў з Варшавы з сябрамі. Зайшоў, убачыў адзенне на манекене і адразу сказаў: «Гэта ўсё запакуйце мне». Потым яшчэ ўзяў нейкія сувеніры, а пазней вярнуўся з сябрамі — ужо пасля адпачынку — і яшчэ нешта дакупілі. Бывалі і такія гісторыі.

Турма, новая крымінальная справа і планы на вяртанне ў Беларусь

— Пасля турмы і ад’езду з Беларусі наколькі псіхалагічна цяжка было пачынаць жыццё нанова ў Вільні?

— У маім выпадку рашэнне было простым, бо жонка ўжо была ў Вільні. Калі я вызваліўся, тут ужо была Воля, было разуменне, куды ехаць. І ў маім выпадку яна стала для мяне асабістым ментарам, чалавекам, які дапамог рэсацыялізавацца. Яна ўжо зняла жыллё, таму ў бытавым сэнсе ўсё было арганізавана, і мне было лягчэй.

Сузаснавальнік прасторы Kropka ў Вільні і былы палітвязень Зміцер Фурманаў. Вільня, Літва. 20 лютага 2026 года. Фота: Белсат

— Пасля вызвалення на вас завялі новую крымінальную справу паводле артыкулу аб знявазе прадстаўнікоў улады. Вы разумееце, што з ёй цяпер адбываецца? З вамі нехта спрабуе звязвацца?

— Канкрэтна паводле гэтай справы мне не пішуць і не прапануюць вярнуцца або даць нейкія паказанні. Часам пішуць у розныя сацсеткі, прапануюць нешта зрабіць, але я на гэта не рэагую, бо разумею, што гэта можа быць правакацыя. У мяне ёсць прытулак, і мне ўвогуле нельга камунікаваць з гэтымі структурамі. Калі мне нешта пішуць, я адразу раблю скрыншоты і дасылаю праваабаронцам. Апошняя інфармацыя, якая ў мяне была наконт гэтай справы, — што адзін з тых, хто лічыўся «зняважаным», ужо памёр. Так што там усё, відаць, у падвешаным стане.

— Пасля зняволення ў вас засталіся нейкія звычкі або страхі, якія дагэтуль уплываюць на жыццё?

— Магчыма, калі б у мяне было больш часу, я б больш пра гэта рэфлексаваў. Але цяпер у мяне на гэта проста няма часу. Думаю, калі-небудзь пазней, можа праз некалькі гадоў, калі з’явіцца магчымасць спыніцца і падумаць, тады я змагу гэта лепш асэнсаваць.

Сузаснавальнік прасторы Kropka ў Вільні і былы палітвязень Зміцер Фурманаў

— Пры якіх умовах вы б вярнуліся ў Беларусь?

— Па-першае, павінна змяніцца ўлада. Па-другое, павінна быць праведзена рэабілітацыя — і мяне, і маёй жонкі. Па-трэцяе, у Беларусі павінна прайсці люстрацыя і павінны быць суды над тымі, хто здзяйсняў злачынствы. Калі ўсё гэта адбудзецца, тады можна будзе думаць пра вяртанне. Калі гэта здарыцца заўтра — можна будзе разглядаць такі варыянт. У мяне там жывыя бацькі, жаданне вярнуцца ёсць. Але калі гэта зацягнецца на 10— 20‑30 гадоў, тады ўжо будзе складаней, бо сын вырасце, з’явяцца іншыя дзеці, іншае жыццё — і пераязджаць будзе ўжо не так проста.