
фота ілюстрацыйнае
У 2025 годзе польскія камеры фотафіксацыі зарэгістравалі больш за 7,4 тысячы парушэнняў правілаў дарожнага руху аўтамабілямі з беларускай рэгістрацыяй. Аднак штрафаў было выпісана толькі 42.
У Польшчы летась зафіксавалі амаль 120 тысяч парушэнняў правілаў дарожнага руху, учыненых кіроўцамі аўтамабіляў, зарэгістраваных па-за межамі Еўрапейскага Звязу. Пры гэтым пакараць удалося толькі невялікую частку парушальнікаў, паведамляе The-Warsaw.pl.
Паводле звестак Галоўнай інспекцыі аўтамабільнага транспарту Польшчы, усяго ў 2025 годзе камеры кантролю хуткасці зафіксавалі больш за 1,3 мільёна парушэнняў. Амаль кожнае дзясятае з іх прыпала на аўтамабілі з рэгістрацыяй у краінах, якія не ўваходзяць у ЕЗ.
Найбольш парушэнняў значыцца за аўтамабілямі з украінскімі нумарамі – больш за 77,2 тысячы выпадкаў. Для параўнання: у 2024 годзе такіх было 62,4 тысячы, а ў 2023-м – каля 52 тысяч.
Беларускія кіроўцы таксама траплялі ў аб’ектывы камер даволі часта. У 2025 годзе аўтамабілі з беларускімі нумарамі фігуравалі ў 7,4 тысячы парушэнняў. Аднак гэты паказчык паступова змяншаецца: у 2024 годзе такіх выпадкаў было 8,1 тысячы, а ў 2023-м – амаль 9,4 тысячы.
Зніжаецца і колькасць парушэнняў, адзначаных за аўтамабілямі з расейскай рэгістрацыяй. Калі ў 2023 годзе камеры зафіксавалі 828 такіх выпадкаў, то летась – толькі 218.
Паводле польскіх уладаў, галоўная праблема ў тым, што праваахоўныя органы часта не могуць устанавіць уладальнікаў аўтамабіляў з краін па-за Еўразвязам. Праз адсутнасць неабходных міжнародных механізмаў супрацы шмат у якіх выпадках немагчыма знайсці парушальніка і накіраваць яму штраф.
У выніку з амаль 120 тысяч зафіксаваных парушэнняў штрафы былі выпісаныя толькі ў 3443 выпадках. Каля 2500 з іх атрымалі грамадзяне Украіны. На грамадзян Беларусі прыпалі толькі 42 штрафы.
Атрымліваецца, што колькасць парушэнняў з боку аўтамабіляў з краін па-за ЕЗ застаецца значнай, аднак эфектыўнасць сістэмы спагнання штрафаў пакуль невысокая. Таму многія парушэнні, зафіксаваныя камерамі, фактычна застаюцца без наступстваў для кіроўцаў.
Белсат
