
фота ілюстрацыйнае
Польскі ўрад спыніў распрацоўку механізму, які мусіў дазволіць мясцовым працадаўцам выдаваць дазволы на працу замежнікам у спрошчаным парадку. Справа ў беспрацоўі, што расце ў краіне.
Урад Польшчы распрацоўваў спіс з 300 прафесіяў, у якіх назіраецца дэфіцыт кадраў, каб пасля працадаўцы маглі хутчэй атрымліваць пацверджанняі ад ваяводы пра адсутнасць мясцовых кандыдатаў на рынку працы. Гэта адзін з самых доўгіх этапаў працэсу найму замежнікаў.
У сярэдзіне студзеня праект дакументу высунулі на грамадскае абмеркаванне. Прадпрыемствы спадзяваліся, што новы механізм будзе апублікаваны ўжо летам, што дапаможа зменшыць праблему дэфіцыту працоўнай сілы, а яшчэ – нагрузку на ваяводскія ўстановы, у якіх ствараюцца затрымкі з апрацоўваннем дакументаў для грамадзянаў іншых краінаў.
Прыярытэтнымі былі сектары аховы здароўя і догляду, транспарту і лагістыкі, будаўніцтва і прамысловасці, а таксама некаторыя рэдкія працоўныя прафесіі, напрыклад, паяльшчык або зваршчык.
Аднак распрацоўку працэдуры спынілі, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna (DGP). Паводле выдання, Міністэрства працы Польшчы заявіла, што не збіраецца аднаўляць працу над рэгламентам, прычына – рост узроўню беспрацоўя ў самой Польшчы.
Як патлумачылі ў ведамстве, сітуацыя на рынку працы ў краіне пагоршылася, што вымагае перагляду падыходаў да прыцягнення замежнай працоўнай сілы. Аднак, паводле крыніц выдання, прадстаўнікі бізнесу здзівіліся гэтаму кроку: беспрацоўе сапраўды павялічвалася ў параўнанні з мінулым годам, але апошнім часам заўважаецца тэндэнцыя да стабілізацыі сітуацыі.
Эксперты адзначаюць, што замарожванне распрацоўкі гэтага механізму можа павялічыць ціск на рынак працы і ўвекавечыць існыя бюракратычныя затрымкі, якія не даюць хутка легалізоўваць працу і перабыванне замежнікаў у Польшчы.
Польшча – адна з еўрапейскіх дзяржаваў, якую для працы і пераезду беларусы разглядаюць часцей за іншыя. У краіне на канец 2025 года афіцыйна працавалі каля 140 тысяч беларусаў. З пачатку года лічба павялічылася прыкладна на 3700 чалавек.
Гэта другая паводле колькасці група замежнікаў на мясцовым рынку працы, на першым месцы – Украіна, грамадзянаў якой там працуе больш за 850 тысячаў.
У гэтую ж суседнюю краіну едуць і вучыцца – за апошнія 10 гадоў колькасць беларусаў вырасла ў 4 разы. У Польшчы больш за 42 % усіх нашых студэнтаў, якія паступілі ў ВНУ за мяжой. У краінах Заходняй Еўропы колькасць беларускіх студэнтаў скарачаецца. Эксперты тлумачаць гэта высокімі цэнамі на навучанне, жыццё і складанасці з працаўладкаваннем пасля сканчэння навукі. У той час як у Польшчы знайсці працу беларусу з польскім дыпломам даволі проста.
Аднак і там за апошнія два гады, аднак, назіраецца стабілізацыя і нават скарачэнне абітурыентаў з нашай краіны – і праз тое, што пік росту пройдзены, і праз ускладненне працэсаў паступлення ў польскія ВНУ.
Белсат
