турма

Па стане на восьмага чэрвеня 2026 году праваабаронцам вядома не менш чым пра 173 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Гэта людзі, якія маюць праблемы са здароўем, непаўнагадовыя на момант здзяйснення дзеянняў, што ставяцца ім у віну, шматдзетныя і іншыя людзі ў цяжкіх сямейных абставінах, людзі, якія знаходзяцца на прымусовым псіхіятрычным лекаванні ў закрытых установах. Таксама ў гэтую лічбу ўваходзяць палітвязні, якія дыскрымінуюцца паводле розных падставаў: інкамунікада, зняволеныя, якія не выходзяць з-за кратаў, нават нягледзячы на тое, што тэрмін іх пакарання сыйшоў.

Такім чынам, за кратамі мінімум 60 чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане фізічнага здароўя, восем чалавек маюць інваліднасць, 30 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама шэсць чалавек з ментальнымі разладамі. Сярод палітзняволеных — 33 чалавекі ў складаных сямейных абставінах: гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.

Найстарэйшы з палітвязняў — 77-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёву, які быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі за абразу Лукашэнкі.

Для людзей з пэўных уразлівых групаў зняволенне апынаецца яшчэ большым выпрабаваннем, чым для астатніх. Да таго ж, яно яшчэ больш пагаршае стан іх здароўя праз несвоечасова аказаную дапамогу, адсутнасць рэгулярных медабследаванняў, якія ім патрэбныя, недасяжнасць патрэбных медычных сродкаў. Таму “Вясна” распавядае пра людзей з уразлівых групаў, якія сёння знаходзяцца за кратамі.   

*у загалоўку выкарыстаная цытата палітвязня, які вызваліўся па заканчэнні тэрміна зняволення.

Цяжкі фізічны стан

Як мінімум 60 чалавек цяпер знаходзяцца ў зняволенні ў цяжкім стане здароўя. У зняволенні кожнае захворванне прагрэсуе хутчэй: акрамя адсутнасці кваліфікаванай медычнай дапамогі, на гэта ўплываюць умовы ўтрымання – недахоп свежага паветра, дрэннае харчаванне, пастаянны псіхалагічны ціск і стрэс. Гэта прыводзіць да таго, што нават тыя праблемы, якія не абвастрыліся б у нармальных умовах, у зняволенні апынаюцца для людзей сур’ёзнымі праблемамі.

23-гадовы Арсеній Майсейчык, асуджаны да шасці гадоў калоніі, хворы на лейкому: гэта патрабуе рэгулярнага кантролю лекарамі і штогадовага праходжаня МРТ. Хлапцу таксама забароненыя шмат якія фізічныя нагрузкі — невядома, ці ўлічваецца гэта ў папраўчай калоніі, дзе Арсеній цяпер адбывае пакаранне. Праблемы са здароўем, якія патрабуюць рэгулярнага даследавання, немагчымага ва ўмовах зняволення, маюць таксама Ігар МінцЯўген Люльковіч

У Аляксея Галаўко, асуджанага да 12 гадоў калоніі, хранічныя праблемы з носам, якія патрабуюць хірургічнага ўмяшальніцтва.

Шмат у якіх палітвязняў за кратамі імкліва пагаршаецца здароўе праз умовы ўтрымання, абвастраюцца хранічныя захворванні. Мікіта Кунтыш мае захворванне, якое пры неналежным доглядзе лекараў можа перайсці ў хранічную стадыю. У Сцяпана Латыпава дыягнаставана цынга.У супрацоўніка мытнай службы Яўгена Гурыновіча, якога судзяць за “здраду дзяржаве”, сур’ёзныя праблемы з хрыбетнікам. У журналіста Дзяніса Івашына ўлетку 2021 году, ужо ў зняволенні, пачаліся праблемы з сэрцам.

У палітвязня Яўгена Бурло ў зняволенні здарыўся рэцыдыў захворвання, на якое мужчына пакутаваў яшчэ да затрымання, у яго некроз тазабедраных суставаў. Яўген быў накіраваны ў медсанчастку СІЗА. Знаёмыя Яўгена распавялі, што сваякі палітвязня звярталіся да кіраўніцтва СІЗА, каб ён мог атрымаць належнае лячэнне, але там адмовілі. Яўген Бурло быў на мыліцах у час прысуду, ён нават не мог устаць. Яго асудзілі да васьмі гадоў калоніі. Вядома, што Яўген Бурло патрабуе аперацыі на хрыбце. Яму абяцалі яе правесці.

Дзянісу Сальмановічу ў калоніі зрабілі аперацыю па выдаленню жоўцевага пухіра. Пасля аперацыі Дзяніс яшчэ тыдзень знаходзіўся ў санчастцы калоніі, пакуль яму не знялі швы. У яго таксамасур’ёзнае хранічнае захворванне нырак – хранічны гломеруланефрыт.

Вольга Маёрава рызыкуе цалкам страціць зрок. У яе катаракта, рубцы, пагроза поўнай слепаты. Яна звярталася па дапамогу, але медыцынская частка калоніі адмовіла ў лячэнні. Ёй не перадаюць лекі і медыцынскія бандэролі ад родных.

У палітвязня Дзмітрыя Маставога — трамбоз венаў. У час адбыцця сутак у ШІЗА у Дзмітрыя з’явіліся праблемы з нагой, яна апухла. Мужчына доўга дамагаўся лекавання і летам 2025 года яго адправілі ў Калядзічы на абследаванне. Яму прызначылі медыкаментознае лекаванне, яно не прынесла палёгку.

У Станіслава Мачалава ў СІЗА адбыўся гіпертанічны крыз, пасля гэтага ён мусіць штодня прымаць лекі.

Доўгае ўтрыманне ў ізаляцыі Ціхана Осіпава ўжо прывяло да сур’ёзных праблем са здароўем: арганізм дрэнна засвойвае ежу, болі ў вачах, пачашчанае сэрцабіцце, скачкі ціску, аслаблены імунітэт.

Максім Шуканаў мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, у яго дыягнаставаная эпілепсія. Ёсць непацверджаная інфармацыя, што ў Максіма ў СІЗА было некалькі прыступаў, якія прывялі да траўмаў. Верагодна, ён не меў магчымасці прымаць неабходныя прэпараты, якія прадухіляюць прыступы. 

На 26-гадовага Кірыла Ашурка ў зняволенні адбываецца ціск. Вядома, што ў Кірыла вельмі цяжкі стан здароўя. Ён мае шэраг сур’ёзных захворванняў, а напрыканцы 2025 года ў палітвязня здарыўся мікраінсульт.

У палітвязня Яўгена Скочкі праблемы са здароўем і пагоршыўся зрок. У яго павышаны ціск, нестабільнасць шыйных хрыбетак, праз што таксама патрэбныя пэўныя мэдычныя захады — яму трэба насіць адмысловы „каўнер“. 

Інваліднасць

Яшчэ прынамсі восем чалавек у зняволенні маюць інваліднасць. 

Інваліднасць мае Аляксандр Кісель, які стаіць на ўліку ў псіхіятра ад самага нараджэння. Яго накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар.Таксама інваліднасць мае мядзельскі экалагічны актывіст Станіслаў Таспаеў. Ён пакутаваў на анкалогію, але апошнім часам быў у рэмісіі.

Уладзімір Гундар — актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасць другой групы (мужчына не мае нагі). Яго асудзілі да 20 гадоў пазбаўлення волі. 

У 42-гадовага Руслана Слуцкага добраякасная пухліна галаўнога мозгу, а таксама моцныя болі ў спіне, праз якія ён часам не мог устаць з ложку, аднак у шпіталізацыі яму адмаўлялі. Аднак вядома, што ў лістападзе 2022 году ён быў шпіталізаваны праз пнеўманію. Мужчына асуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

У 33-гадовага Яўгена Гурыновіча, асуджанага да 13,5 гадоў калоніі, міжпазваночная кіла, праз якую ён не можа доўга сядзець і стаяць. У сувязі з гэтым яго справу вылучылі ў асобную вытворчасць і разглядалі па месцы ўтрымання зняволенага. Тым не менш, цяпер ён знаходзіцца ў калоніі. Падчас затрымання сілавікі жорстка збілі Яўгена і сур’ёзна пашкодзілі яму спіну: “Пасля гэтага ён доўгі час не мог хадзіць, быў вымушаны карыстацца інвалідным вазком і мыліцамі. Боль быў настолькі моцны, што яго неаднаразова змяшчалі ў бальніцу ў Калядзічах. Лекары доўгі час адмаўляліся прызнаваць інваліднасць, аднак пазней яго накіравалі ў Магілёўскую бальніцу, дзе пацвердзілі, што боль мае аб’ектыўныя прычыны. У выніку Гурыновіч афіцыйна атрымаў інваліднасць”

Узрост

Сёння ў зняволенні ўтрымліваюцца мінімум 30 чалавек у сталым узросце. У іх шмат хваробаў, развіццё якіх правакуюць і без таго цяжкія ўмовы знаходжання ў зняволенні. Высокі артэрыяльны ціск, хваробы сэрца і рухальнага апарату без адпаведнага дагляду прыводзяць людзей ва ўсё горшы і горшы стан. 

69-гадовая палітзняволеная Ірына Мельхер перанесла гіпертанічны крыз, кожны дзень ейны стан пагаршаецца: яна мае праблемы з сэрцам, нервамі. Першы месяц пасля затрымання яна не магла спаць, пакуль ёй не выпісалі заспакаяльныя. У брэсцкім СІЗА яна была на ляжачым рэжыме, аднак яе перавялі на верхнюю койку, адкуль яна не магла злезці самастойна. Разам з тым жанчыне часта трэба было хадзіць у прыбіральню, бо яна мае праблемы з ныркамі. Таму калі яна прачыналася ноччу, то вымушаная была чакаць, пакуль хтосьці прачнецца і дапаможа ёй забрацца назад наверх. У выніку яе асудзілі да 17 гадоў пазбаўлення волі.   

70-гадовы Вацлаў Арэшка мае шэраг захворванняў,  у тым ліку – праблемы з вачыма, праз якія яму можа пагражаць слепата. Ён асуджаны да васьмі гадоў калоніі.

64-гадовы актывіст і краязнаўца Уладзімір Гундар – чалавек з інваліднасцю другой групы, у яго няма адной нагі. Аднак у СІЗА яму не дазволілі пакінуць пратэз, не перадавалі неабходныя лекі: высокі ціск справакаваў гіпертанічны крыз. Акрамя таго, ён папрасіў перадаць у СІЗА больш моцныя акуляры і новыя таблеткі ад сэрца. Яго асудзілі да 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гундара часта кідаюць у карцар, ён неаднаразова абвяшчаў галадаванне.

За кратамі знаходзіцца 73-гадовы палітзняволены пенсіянер Васіль ДземідовічЯго асудзілі да сямі гадоў калоніі, пенсіянер з’яўляецца самым пажылым беларусам, уключаным КДБ у спіс “тэрарыстаў”. Адзначым, што за апошні год мужчына перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах: у “сталыпінскім” вагоне пад жорсткім кантролем канваіраў і сабак, у кайданах, падчас чаго іх часта не кормяць, усе рэчы яны нясуць у руках, закаваных у кайданы. Таму гэта пакідае вельмі дрэнны адбітак на здароўі Васіля.

70-гадоваму пенсіянеру з Ляхавіч Барысу Вітко прысудзілі сем гадоў і тры месяцы калоніі і штраф у суме 12 тысяч рублёў. Мужчына мае праблемы з сэрцам, увесь час павінен прымаць лекі. Паводле інфармацыі сукамернікаў, у яго таксама былі інсульты.

65-гадовы лекар УГД Сяргей Рамашоў асуджаны да трох с паловай гадоў калоніі.

70-гадовы праваабаронца Уладзімір Целяпун хварэе на рак, цяпер у стадыі рэмісіі. Перад арыштам ён вельмі схуднеў. 


63-гадовы Ігар Леднік меў інваліднасць 2-й групы праз праблемы з сэрцам. Яго пакаралі трыма гадамі зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 20 лютага 2024 году стала вядома, што Ігар Леднік памёр за кратамі.

Праблемы псіхалагічнага кшталту

Мінімум шэсць чалавек знаходзяцца ў месцах зняволення з ментальнымі разладамі. У зняволенні палітвязні сутыкаюцца з беспрэцэндэнтным ціскам, пастаянна знаходзяцца ва ўмовах стрэсу: гэта пагаршае іх псіхалагічны стан, а таксама паглыбляе тыя псіхалагічныя праблемы, якія назіраліся ў іх і да затрымання. Часта супрацоўнікі дзяржаўных органаў не ўспрымаюць гэтыя праблемы сур’ёзна, таму ніякім чынам не дапамагаюць іх вырашаць.

Пасля затрымання Юрый Прахарэнка схуднеў на 35 кілаграмаў, у яго назіраліся панічныя атакі, псіхасаматычныя разлады і дэпрэсія. Яго накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

З пэўнымі псіхалагічнымі праблемамі сутыкнуўся Ігар КарпіцкіАндрэй Сачэўка мае разлад асобы. Марыі Успенскай прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Лячыцца яна будзе да выздараўлення — тэрмін не вызначаецца судом.

Сяргей Гуня мае з дзяцінства цяжкае псіхічнае захворванне, праз гэта яму патрабуецца асаблівы дагляд. Яго асудзілі да сямі гадоў зняволення.

Пакутуе на псіхічнае захворванне Аляксандр Казак, які мае на ўтрыманні малых дзяцей. Яго асудзілі да сямі гадоў калоніі.

Праблемы пасля затрымання

Паколькі ў Беларусі людзей часта затрымліваюць з неапраўданым прымяненнем сілы, часам гэта прыводзіць да з’яўлення праблемаў са здароўем ужо пасля затрымання. Неаказанне своечасовай медычнай дапамогі з’яўляецца таксама метадам ціску на людзей, таму часцей за ўсё праблемы такога кшталту прагрэсуюць.

Аляксандр Капшуль паехаў у Маскву, каб адтуль выехаць у Варшаву, але па дарозе ў цягніку ў яго праверылі дакументы супрацоўнікі ФСБ. Ён зразумеў, што па прыездзе ў расійскую сталіцу яго затрымаюць, і на хаду выскачыў з цягніка. Капшуль зламаў нагу і вывіхнуў руку, але змог дабрацца да мяжы з Украінай. Расійска-ўкраінскую мяжу Капшуль вырашыў прайсці легальна. На памежным пункце яго затрымалі, пасля супрацоўнікі ФСБ вывезлі мужчыну ў Беларусь і перадалі супрацоўнікам КДБ. Пасля мужчыну змясцілі ў СІЗА КДБ. Праз тыдзень яму правялі аперацыю, але, каб вярнуць яму здольнасць рухацца паўнавартасна, патрэбная рэабілітацыя. Без дазволу лекара СІЗА яму не перадавалі патрэбныя лекі. Яго асудзілі да 15 гадоў калоніі.

Рэйкаваму партызану Віталю Мельніку пры затрыманні прастрэлілі каленныя суставы, вядома, што па СІЗА ён перасоўваўся на мыліцах. Мужчыну прысудзілі 13 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Невядома, ці аказваецца яму рэабілітацыйная дапамога.

Яшчэ адным “рэйкавым партызанам” Уладзіміру Аўрамцаву і Дзмітрыю Клімаву пры затрыманні расстралялі ў каленныя суставы. Іх асудзілі да 22 гадоў калоніі кожнага.

Праваабаронцы шмат гадоў звяртаюць увагу на жорсткія ўмовы ўтрымання ў зняволенні. Яны абгрунтавана крытыкуюць умовы ўтрымання ў ізалятарах, калоніях і турмах, якія дапаўняюць пакуты, прычыненыя самім фактам пазбаўлення волі. 

Іншыя катэгорыі людзей у рызыцы

Сярод людзей у асаблівай рызыцы за кратамі знаходзяцца не толькі тыя, хто мае праблемы са здароўем. Апроч іх, ёсць некалькі іншых катэгорый людзей: непаўнагадовыя на момант здзяйснення дзеянняў, што ставяцца ім у віну, шматдзетныя і іншыя людзі ў цяжкіх сямейных абставінах, людзі, якія знаходзяцца на прымусовым псіхіятрычным лекаванні ў закрытых установах. Таксама гэта палітвязні, якія дыскрымінуюцца паводле розных падставаў: інкамунікада, зняволеныя, якія не выходзяць з-за кратаў, нават нягледзячы на тое, што тэрмін іх пакарання сыйшоў.

Сярод палітзняволеных — мінімум 33 чалавекі ў складаных сямейных абставінах: гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі. Так, Ганна Аблаб, асуджаная да 11 гадоў пазбаўлення волі, мае траіх дзяцей, двое з якіх — непаўнагадовыя. Мужа і жонку Дзмітрыя і Аксану Малочкаў асудзілі да 12 і васьмі гадоў калоніі адпаведна — у іх на волі засталіся трое дзетак.

Непаўнагадовымі былі затрыманыя як мінімум пяцёра чалавек, што ўсё яшчэ знаходзяцца ў зняволенні. Працягваюць знаходзіцца ў зняволенні маладзёны, затрыманыя непаўнагадовымі паводле справы “чорных салаўёў”. Гэта навучэнцы каледжаў з розных гарадоў Беларусі: Аляксандра ПуліновічДзмітрый ЗахарошкаТрафім Барысаў.   

Ппаводле звестак праваабаронцаў, мінімум 19 чалавек, прызнаныя палітвязнямі, праходзяць прымусовае лекаванне. Сярод іх — Марыя Успенская, удава забітага Андрэя Зельцэра. Ёй прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары ў чэрвені 2022 года — яна дагэтуль знаходзіцца ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Лячыцца яна будзе да “выздараўлення” — тэрмін не вызначаецца судом. На прымусовым лячэнні знаходзіцца 69-гадовы Валерый Яроцкі, які неаднаразова быў назіральнікам на выбарах ад БХК і ў 2019 годзе стаў чэмпіэнам Жлобіна па шахматах.