
фота ілюстрацыйнае
Колькасьць іншаземцаў, якія працуюць у Польшчы, працягвае расьці.
Як паведаміла Беларуская служба Польскага радыё з спасылкай на зьвесткі Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня краіны (GUS), на канец 2025 году ў польскай эканоміцы былі занятыя больш за 1,14 мільёна іншаземцаў — на 7,2% больш, чым годам раней.
Найбуйнейшую групу па-ранейшаму складаюць грамадзяне Украіны. На другім месцы — беларусы. У Польшчы афіцыйна працавалі 118,9 тысячы грамадзян Беларусі.
Беларусы і ўкраінцы складаюць асноўную частку замежнай працоўнай сілы ў краіне. Замежныя работнікі цяпер забясьпечваюць амаль 7 % усіх працоўных месцаў у польскай эканоміцы.
Рост колькасьці іншаземцаў на рынку працы сьведчыць пра захаваньне попыту на работнікаў з-за мяжы.
Чаму гэта важна
Пасьля падзеяў 2020 году, рэпрэсіяў і пачатку вайны ва Ўкраіне пачалася самая вялікая ў найноўшай гісторыі хваля эміграцыі зь Беларусі. Паводле розных падлікаў, за мяжу выехалі некалькі соцень тысяч чалавек.
Як падлічыў дасьледчы цэнтар Beroc, пасьля падзеяў 2020 году толькі ў краіны ЭЗ выехалі прыкладна 500 000 беларусаў.
Згодна з апошнім дасьледаваньнем пра адаптацыю беларускіх эмігрантаў, 89% тых, хто выехаў, маюць вышэйшую адукацыю.
Сацыёляг, былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Беларусі Генадзь Коршунаў называе лічбу 600 000 чалавек, якія выехалі зь Беларусі пасьля 2020 году. Гэтая лічба, на думку сацыёляга, улічвае эміграцыю і ў Грузію, Ізраіль ды іншыя краіны.
Намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Мікалай Карпянкоў яшчэ ў 2023 годзе называў лічбу 350 000 чалавек, якія эмігравалі зь Беларусі.
Беларускаму рынку працы на сёньня не хапае амаль 200 000 чалавек. Гэта вынікае са зьвестак у нацыянальнай базе вакансіяў. Толькі за 4 гады кадравы дэфіцыт вырас больш чым удвая.
Увогуле за 5 гадоў жыхароў Беларусі стала амаль на 301 000 менш, як паказвае статыстыка Белстату. Гэтыя зьвесткі могуць ня ўлічваць людзей у эміграцыі. Жыхароў меншае ўва ўсіх узроставых групах. Людзей працаздольнага ўзросту паменела на 84 594 чалавекі, падлеткаў да 16 гадоў — на 124 839 чалавек, пэнсіянэраў — на 30 932 чалавекі.
Напрыклад, студэнтаў ВНУ за 5 гадоў стала ўдвая меней: з 254,4 тысячы да 118 тысяч. Дзіцячыя садкі пяць гадоў таму наведвалі 424 100 дзяцей, цяпер іх на 85 800 меней. А вось школьнікаў пабольшала на 22 100 чалавек, цяпер іх 1 080 400.
Для многіх беларусаў Польшча застаецца адным з галоўных кірункаў працоўнай міграцыі дзякуючы культурнай блізкасьці, спрошчаным працэдурам легалізацыі і стабільнай эканамічнай сытуацыі.
Свабода
