Алесь Бяляцкі

Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна”, нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі ў эфіры “Белсату” прызнаў, што спісы рэпрэсаваных у Беларусі могуць быць недакладнымі, аднак адзначыў, што гэта не свядомая маніпуляцыя: усё праз брак інфармацыі. Так ён пракаментаваў абвінавачанні прапаганды нібыта ў завышэнні ліку палітвязняў.

Прапагандыст Ігар Тур надоечы заявіў, што ў спісах палітвязняў знайшлося не менш за 196 асобаў, якія ўжо выйшлі на волю. Паводле яго, праваабаронцы свядома завышаюць лік палітычных зняволеных.

Алесь Бяляцкі растлумачыў, што ў Беларусі інфармацыю пра палітвязняў хаваюць, і ў такіх варунках памылак не можа не быць:

“Тое, што мы дастаём нейкую інфармацыю пра палітычных зняволеных, пра тыя тэрміны, якія людзі атрымліваюць, каго пасадзілі, каго затрымалі, дзе якія суды адбыліся, каго ўрэшце выпусцілі – усё гэта ідзе на прыватным узроўні. Інфармацыя збіраецца па крупінках, з самых розных крыніцаў”.

Паводле праваабаронцы, як самі палітвязні, гэтак і іхныя сваякі часта баяцца перадаваць інфармацыю з розных прычынаў, адна з іх – “пагаршэнне сітуацыі для зняволенага ў турме”. Менавіта таму спісы палітвязняў заўсёды былі недакладнымі:

“Калі мы называем лічбу 850 ці 910 палітычных зняволеных, то гэта прыкладная лічба. Ніколі нельга сказаць дакладна, што на сёння там адбываецца. Па-першае, таму што пра частку людзей мы не ведаем, якія сядзяць. А па-другое, некаторыя выходзяць, і мы таксама не паспяваем зразумець, ці на волі чалавек, ці яшчэ сядзіць, таму што не ведаем дакладнага тэрміну, які чалавек гэты атрымлівае”.

Бяляцкі падкрэсліў, што памылкі ў спісах палітвязняў – “не страшна”.

“Гэта лічба, на якую мы арыентуемся. Няхай яна будзе трошку большая, трошку меншая, аднак мы ўяўляем сабе маштабы гэтых рэпрэсіяў, зыходзячы менавіта з гэтага аб’ёму інфармацыі, таму што іншага аб’ёму няма. Мы пастаянна іх верыфікуем, пастаянна шукаем інфармацыю, пастаянна спрабуем удакладніць, безумоўна”, – запэўніў Алесь Бяляцкі.

Абвінавачанні прапаганды ён назваў спробаю дыскрэдытацыі праваабаронцаў:

“Беларускія прапагандысты фактычна з’яўляюцца часткай вось гэтай машыны рэпрэсіўнай. Адпаведна, гэта праца, каб дыскрэдытаваць і нашыя лічбы, і праваабаронцаў, і паказаць, што „яны невядома якія лічбы называюць, незразумела, што яны там лічаць”. Такія прапагандысцкія штукі накіраваныя на частку людзей, якія глядзяць гэтыя перадачы, і, можа, некрытычна да іх ставяцца”.

У эфіры “Белсату” Алесь Бяляцкі таксама паведаміў, што на сустрэчах з палітыкамі ў розных краінах узнімае праблему трансгранічных рэпрэсіяў, якія чыняць улады Беларусі. Пад гэты пераслед трапляюць беларусы ў выгнанні.

“Пры сустрэчы і з міністрам замежных справаў Польшчы, канечне ж, мы абмяркоўвалі пытанне гэтых трансгранічных рэпрэсіяў, таму што яны датычаць значнай часткі беларусаў, якія жывуць у Польшчы. Мы бачым, што адбываліся вось гэтыя масавыя вобшукі, пасля таго як людзі ўдзельнічалі ў мірных акцыях на 25 сакавіка ў Варшаве. Гэтыя вобшукі наўпрост звязаныя з новай крымінальнай справай, узбуджанай супраць людзей, якія жывуць на тэрыторыі Польшчы”, – зазначыў праваабаронца.