Міхаіл Куцко

Гарадзенскі абласны суд 12 чэрвеня ў межах спецыяльнай вытворчасці агучыў прысуд па справе былога міліцыянта з Гародні Міхаіла Куцко. Яго звінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК). Суд прызначыў Міхаілу 15 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму са штрафам 500 базавых велічыняў (22 500 рублёў). 

Паводле паведамлення Вярхоўнага суда, Куцко прызналі вінаватым «у выдачы замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь і іншым аказанні дапамогі замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна здзейсненымі грамадзянінам Рэспублікі Беларусь». 

Летам 2020 года Міхаіл запісаў зварот да сваіх былых калегаў, у якім заклікаў іх быць «на баку народа». Пазней ён быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.