
Некаторым людзям, затрыманым па “справе Гаюна”, сілавікі прапаноўваюць спыніць крымінальны пераслед. У абмен трэба зрабіць “добраахвотныя” ахвяраванні на карысць дзяржаўных установаў. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Раней адзін з беларусаў расказаў, што за адно паведамленне ў бот “Гаюна” яму прапанавалі перавесці некалькі тысяч даляраў на рахунак Рэспубліканскага цэнтра арганізацыі медыцынскага рэагавання.
На сённяшні дзень праваабаронцы “Вясны” ведаюць пра 200 чалавек, якіх дакладна засудзілі па “справе Гаюна”. Агульны лік фігурантаў гэтай справы значна большы. Паводле праваабаронцаў, затрыманні па ўсёй Беларусі адбываюцца да гэтага часу. Некаторых затрыманых адпускаюць да суда пад заклад.
Засуджаным па гэтай справе прызначаюць пераважна “хатнюю хімію”, але вядомыя і выпадкі, калі людзей пазбаўляюць волі.
