«Белсат» спытаў Управу ў справе замежнікаў, чаму так павольна разглядаюцца справы, а таксама папрасіў даць парады, якія дапамогуць паскорыць вынясенне пастановы.

Якія тэрміны разгляду справаў у міжнароднай абароне? 

Паводле закону, тэрміны разгляду справаў у міжнароднай абароне не павінны перавышаць 6 месяцаў, але ў асобных выпадках (напрыклад, калі трэба спраўдзіць дадатковыя звесткі) тэрмін можа працягвацца да 15 месяцаў. Але цяпер час чакання шмат у каго пераваліў далёка за 15 месяцаў – «Белсату» вядомыя выпадкі, калі людзі чакаюць пастановы ўжо больш за 19 месяцаў.

Гэта сталася магчымым праз замарожванне тэрмінаў разгляду, якое дзеяла 6 месяцаў: з 30 верасня 2025 да 4 сакавіка 2026 года. Тлумачылі гэта тым, што польскія ўлады не паспявалі апрацоўваць вялікай колькасці зваротаў, якія раслі ў геаметрычнай прагрэсіі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне (але апошнім часам расла колькасць заяваў ад украінцаў, ад беларусаў жа, наадварот, падала).

«Варта падкрэсліць, што гэтыя рашэнні не азначаюць прыпынення вядзення справаў: яны і надалей будуць разглядацца, а новыя заяўкі – прымацца. Згодна з дзейным заканадаўствам, прыпыненне цячэння тэрмінаў у працэсах надання міжнароднай абароны дзеіць з 30 верасня 2025 да 4 сакавіка 2026 года і датычыць усіх замежнікаў», – тлумачыў «Белсату» прэс-сакратар Управы ў справе замежнікаў Польшчы Якуб Дудзяк.

У выніку хоць справы агулам разглядаліся, але гэтыя паўгода не ўлічваліся ў агульны тэрмін чакання рашэння. Таму ў найгоршым выпадку законны час чакання пастановы можа скласці 21 месяц: 15 максімальных месяцаў паводле закону + 6 месяцаў замарожвання тэрмінаў.

Шмат хто з асобаў, якія чакаюць амаль два гады, прыехалі ў Польшчу з Беларусі вакольнымі шляхамі – праз Грузію, Літву і Украіну. Але ёсць і тыя, хто пераехаў адразу ў Польшчу, але ўсё роўна чакае пастановы 18 месяцаў.

Ва ўправе кажуць, што справы беларусаў, якія да падачы на абарону жылі не ў Беларусі ці Польшчы, не абавязкова разглядаюцца даўжэй за астатнія.

«Названыя абставіны не ўплываюць на працягласць разгляданай справы, але могуць падпадаць пад паняцці, напрыклад, легальнага перабывання на тэрыторыі Польшчы ў дзень падачы заявы, бесперапыннага перабывання на тэрыторыі Польшчы ў пэўны перыяд, намеру пасяліцца ў Польшчы на сталай аснове, прычынаў перапынкаў у перабыванні на тэрыторыі Польшчы – у залежнасці ад выгляду запытанага дазволу», – патлумачыла «Белсату» выканальніца абавязкаў прэс-сакратара Упраўлення ў справе замежнікаў Катажына Сівак.