Уладзімір Хільмановіч

На таргі зноў выставілі двухпакаёвую кватэру ў Гродне агульнай плошчай 50 квадратных метраў. Сярод абцяжаранняў указаны арышт следчых органаў, забарона ўчынення рэгістрацыйных дзеянняў. «У кватэры зарэгістраваны адзін паўналетні грамадзянін», — пазначана ў аб’яве (гэта наўпроставае ашуканства органаў, паколькі ў кватэры зарэгістраваны таксама ўжо паўналетні сын Уладзіміра Хільмановіча)

Кошт жылля занізілі — 100 800 рублёў. Раней кватэру ўжо спрабавалі прадаць на таргах, тады яе кошт быў 126 тысяч рублёў.

Перад тым органы судовага выканання выставілі на аўкцыён канфіскаванае раней лецішча гарадзенскага праваабаронца і журналіста, якое знаходзіцца ў Мастоўскім раёне. 19 сакавіка, аднак, прадаць яго з аўкцыёну не ўдалося. Яшчэ раней чыноўнікі канфіскавалі і ўжо прадалі ўсю бытавую тэхніку сям’і Уладзіміра Хільмановіча (лядоўню, тэлевізар, пральную машыну).

Нагадаем, 19 жніўня 2024 году Гарадзенскі абласны суд завочна прызначыў Хільмановічу пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і вялізны штраф — 40 тысяч беларускіх рублёў.

25 кастрычніка таго ж году Вярхоўны суд прадказальна не задаволіў апеляцыйную скаргу публіцыста і праваабаронца. Пасля чаго прысуд увайшоў у сілу.

Судовая выканаўца, якая вядзе працэс спагнання, – Наталия Ивановна Болтуть. На яе дзеянні Уладзімір Хільмановіч раней накіраваў адпаведную электронную і пісьмовую скаргу, аднак у парушэнне заканадаўства ніякага афіцыйнага адказу ў вызначаны тэрмін не атрымаў.