20 чэрвеня, у Сусветны дзень уцекача, Упраўленне па справах замежнікаў Польшчы паведаміла, што ў краіне 20 989 замежных грамадзян маюць дзейныя дакументы на жыхарства, выдадзеныя ў сувязі з атрыманнем міжнароднай абароны. З іх 3 327 чалавек маюць статус уцекача, а яшчэ 17 662 карыстаюцца дадатковай абаронай.

дакументы

Сусветны дзень уцекача быў устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН для ўшанавання мужнасці і стойкасці людзей, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы з-за войнаў, гвалту або пераследу.

Паводле звестак польскага ведамства, з пачатку 2026 года і да 1 чэрвеня заявы на атрыманне міжнароднай абароны падалі 2 696 чалавек. Найбольшую групу сярод заяўнікаў складаюць грамадзяне Украіны — 992 чалавекі. На другім месцы знаходзяцца грамадзяне Беларусі — 816 чалавек. Таксама абарону ў Польшчы запытвалі грамадзяне Расеі (239 чалавек), Таджыкістана (66), Афганістана (32), Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (32) і Малдовы (31).

Сярод сёлетніх заяўнікаў былі таксама пяць грамадзян Злучаных Штатаў Амерыкі, а таксама па адным грамадзяніну Вялікабрытаніі, Італіі і Ізраіля.

Упраўленне па справах замежнікаў адзначае, што колькасць заяў на міжнародную абарону ў Польшчы паступова змяншаецца. Калі ў 2024 годзе такімі заявамі было ахоплена 17 053 чалавекі, то ў 2025 годзе гэты паказчык знізіўся да 13 232 чалавек.

Летась кіраўнік польскага ведамства прыняў 3 668 станоўчых рашэнняў адносна прадастаўлення міжнароднай абароны. У 311 выпадках быў нададзены статус уцекача, а ў 3 357 выпадках — дадатковая абарона. Адначасова было вынесена 3 919 адмоўных рашэнняў.

Паводле апошняй справаздачы Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў (UNHCR), на канец 2025 года ў свеце налічвалася 41,6 мільёна ўцекачоў і 68,7 мільёна ўнутрана перамешчаных асобаў. Больш за 70 працэнтаў людзей, якія маюць патрэбу ў міжнароднай абароне, паходзяць з Афганістана, Паўднёвага Судана, Судана, Сірыі, Украіны і Венесуэлы.