
Вызваленыя 19 сакавіка 2026 году
Некаторыя з высланых за межы Беларусі былых палітвязьняў расказалі праваабарончаму цэнтру «Вясна», як прайшоў для іх год на волі, але ў выгнаньні.
Споўніўся год з пачатку масавых вызваленьняў беларускіх палітвязьняў у межах перамоваў паміж уладамі Беларусі і ЗША. 21 чэрвеня 2025 году зь беларускіх вязьніц былы вызваленыя і вывезеныя з Беларусі 14 чалавек, зь іх 6 беларусаў, у тым ліку лідэр ініцыятывы «Краіна для жыцьця» Сяргей Ціханоўскі, а таксама 8 іншаземцаў — двое грамадзян Японіі, трое — Польшчы, двое — Латвіі, а таксама грамадзяне Эстоніі, Швэцыі і ЗША.
З таго часу, паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны», былі вызваленыя 440 палітвязьняў, паводле зьвестак Радыё Свабода — сама меней 447 грамадзян Беларусі і 31 грамадзянін Украіны. Для многіх беларускіх палітвязьняў вызваленьне стала не вяртаньнем дадому, а пачаткам жыцьця ў вымушанай эміграцыі і сутыкненьнем з новымі выклікамі. Паводле «Вясны», тых, каго прымусова выправадзілі зь Беларусі, ужо 205 чалавек.
Зь некаторымі зь іх праваабаронцы пагаварылі пра абставіны і перажытае пры дэпатрыяцыі, а таксама як ідзе фізычнае і маральнае аздараўленьне пасьля няволі ды працэс інтэграцыі.
«Мая „доўгая дарога дадому“ ня скончаная», — Марфа Рабкова
19 сакавіка валянтэрку «Вясны» Марфу Рабкову пасьля пяці з паловай гадоў зьняволеньня вызвалілі і вывезьлі ў Літву. Яна апынулася сярод 15 палітвязьняў, якіх пасьля памілаваньня вывезьлі за межы Беларусі. Агулам у той дзень былі памілаваныя 250 чалавек.
Марфа Рабкова прызнаецца, што навіна аб вывазе зь Беларусі стала для яе цяжкім выпрабаваньнем. За пяць з паловай гадоў зьняволеньня было ня так шмат момантаў, калі яна магла дазволіць сабе даць волю эмоцыям, кажа Марфа:
«У момант усьведамленьня таго, што мяне выправадзяць за межы Беларусі, я была вельмі злая і не спрабавала гэтага схаваць. Я рэдка магла паплакаць наўзрыд, але пасьля паведамленьня аб выправаджэньні эмоцыі ўзялі верх над розумам. Стаяла, глядзела ў вакно камэры, а сьлёзы буйнымі кроплямі падалі на падлогу. Я як быццам хавала блізкага чалавека», — згадала Марфа Рабкова.
Цяпер Марфа чакае дазволу на жыхарства ў Літве і праходзіць далейшыя працэдуры легалізацыі. Паводле яе, хоць літоўскія ўлады аказваюць падтрымку былым палітвязьням, яна, як і многія эмігранты, сутыкаецца з тыповымі цяжкасьцямі адаптацыі і легалізацыі.
З словаў Марфы, пасьля першых тыдняў эмацыйнага ўздыму яе псыхалягічны стан паступова стабілізаваўся. Яна адзначае, што даволі хутка вярнулася да звыклага рытму жыцьця і працы, а дапамога іншым людзям і праваабарончая дзейнасьць сталі для яе важнай часткай аднаўленьня.
«Гэта маё лекаваньне — разумець, што я на сваім месцы і па-ранейшаму магу дапамагаць людзям», — кажа пра дзейнасьць ў «Вясьне» Марфа Рабкова.
Сур’ёзных праблемаў са здароўем пасьля вызваленьня ў яе няма, хоць некаторыя пытаньні патрабуюць назіраньня лекараў. Падтрымліваць фізычную форму ёй дапамагаюць спорт і рэгулярная фізычная актыўнасьць.
Найбольшай цяжкасьцю пасьля вызваленьня Марфа называе моўны бар’ер, які дагэтуль стварае складанасьці ў штодзённым жыцьці і разьвязаньні бытавых пытаньняў.
Радасьць Марфе прыносяць зносіны з блізкімі і сябрамі, добрыя навіны, гісторыі з шчасьлівым канцом, як і магчымасьць праводзіць час на прыродзе.
Праваабаронца кажа, што не пакідае надзеі вярнуцца ў Беларусь, а расстаньне з радзімай не зацягнецца на доўгія гады.
«Мая „доўгая дарога дадому“ яшчэ ня скончана, і фінал адбудзецца толькі тады, калі пад маімі нагамі будзе беларуская зямля», — кажа Марфа Рыбкова калегам зь «Вясны».
