У інтэрнэце з’явіўся партал «Базар Гарадзенскі». Сайт мае каталог і стужку навін. Даменам валодае дзяржгазета “Гродзенская праўда”, а прынцып працы партала нагадвае ліквідаваны прыватны сайт Grodno.in. 

«Базар Гарадзенскі» стварылі ў жніўні 2025, але яго запаўненнем заняліся не так даўно. Каталогі арганізацый паступова запаўняюць. Усяго на сайце прадугледжана 20 катэгорый, самыя папулярныя з якіх – крамы (ужо дадалося 308 арганізацый), аўтамабілі і аўтасэрвісы (200), турызм і сэрвіс (198), а таксама забаўкі (168).

Менш за ўсё арганізацый у катэгорыях паляванне і рыбалка (11), сад і агарод (10), а таксама праца – усяго дзве арганізацыі. Апісанне некаторых арганізацый ідэнтычна таму, што было ў Grodno.in.

На сайце таксама публікуюць навіны арганізацый – праўда, іх усяго чатыры. Анонс выставак “Белагра” і “Нафта і Газ Узбекістана”, стажыроўка вадзіцеляў у аўтапарках Гарадзенскай вобласці, а таксама вынікі конкурсу, на якіх Ваўкавыскі мясакамбінат стаў пераможцам прэміі.

Ёсць і навіны Гародні — іх крыху больш. Першую, апублікаваную ў сярэдзіне чэрвеня, прысвяцілі Фестывалю нацыянальных культур.

Прынцып працы сайта “Базар Гарадзенскі” нагадвае ліквідаваны ўладамі Grodno.io. У снежні 2024 года партал і яго сацсеткі прызналі экстрэмісцкімі. Цяпер сайт недаступны.

Яго аналаг, верагодна, распрацоўвалі на замову ўладаў, таму што даменам «Базару Гарадзенскага» валодае дзяржаўная газета «Гродзенская праўда». Рэгістравала сайт дзяржкампанія “Облачные технологии”.

Hrodna.life