віза Польшчы

Польшча не мае магчымасці павялічыць колькасць выдаваных у Беларусі візаў. Пра гэта паведаміла Анна Казлоўска-Слупэк з Усходняга дэпартаменту МЗС Польшчы на дэбатах “Беларусь Лукашэнкі і бяспека рэгіёну”, якія прайшлі ў Варшаўскім універсітэце.

З аўдыторыі запыталіся, ці можна чакаць павелічэння колькасці віз беларусам у польскіх візавых цэнтрах.

“Гэтыя практычныя магчымасці зводзяцца да іншага пытання — колькасці польскіх консулаў у Беларусі. І гэтае пытанне залежыць непасрэдна ад стаўлення беларускага боку. Склад польскай амбасады ў Мінску значна скарочаны”, — прыводзіць Польскае радыё словы Анны Казлоўскай-Слупэк.

Прадстаўніца польскага МЗС нагадала, што ў Польшчы знаходзяцца каля 300 тысяч беларусаў. 150 тысяч з іх прыбылі ў краіну пасля 2020 года, прычым вялікая частка — па “гуманітарным калідоры”.

“Напэўна, зразумела, што большасць беларусаў, якія вырашаюць пакінуць Беларусь у межах гуманітарнага калідора або па іншых прычынах, робяць гэта з пачуцця бяспекі. Абавязак Польшчы — забяспечыць пачуццё бяспекі і для беларускай дыяспары. Вось тут і зʼяўляецца мабільнасць. Міжасобасная мабільнасць не можа існаваць асобна ад пытанняў бяспекі, і гэтыя пытанні тычацца не толькі міграцыйнага ціску, не толькі вайны ва Украіне, але і, нарэшце, пагроз сабатажу, у тым ліку тых, што тычацца людзей, якія ўязджаюць з Беларусі, не толькі беларускага паходжання”, — падкрэсліла прадстаўніца дыпламатычнага ведамства.