
29-гадовага Багдана Герыша затрымалі 6 траўня пры выездзе з Беларусі ў Польшчу праз пункт пропуску ў Гарадзенскай вобласці. Апошні раз родныя размаўлялі з ім 8 траўня. Тады ён паведаміў, што яго засудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля гэтага сувязь з ім перапынілася.
Паводле інфармацыі сям’і, цяпер Багдан утрымліваецца ў Кастрычніцкім ІЧУ Гародні. Адвакатка пакуль не змагла атрымаць дазвол на сустрэчу з ім і высветліць, з чым звязана ягонае зняволенне.
Падчас затрымання ў яго канфіскавалі дзеючы італьянскі від на жыхарства. Партнёрка Багдана, якая цяпер знаходзіцца ў Польшчы, цяжарная.
Праваабаронцы адзначаюць, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны лукашэнкаўскія сілавікі рэгулярна затрымліваюць грамадзян Украіны, а некаторых месяцамі ўтрымліваюць без прад’яўлення абвінавачання.
