Іван Вярбіцкі

Мастак з Гальшанаў, 60-гадовы палітвязень Іван Вярбіцкі знаходзіцца за кратамі ўжо амаль шэсць гадоў — з кастрычніка 2020 года. За гэты час яго тройчы судзілі паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»), а агульны тэрмін зняволення павялічыўся да 2032 года.

Як паведамляе «Вясна», з моманту затрымання палітвязень правёў у штрафных ізалятарах і памяшканнях камернага тыпу ўжо больш за 1065 дзён. Нядаўна яго этапавалі з мазырскай калоніі №20 ў горкаўскую калонію №9, дзе яшчэ падчас «каранціну» ўжо двойчы змяшчалі ў ШІЗА.

Івана фактычна другі год утрымліваюць у рэжыме інкамунікада: ён не мае сувязі са сваякамі, не атрымлівае перадач і грашовых пераводаў, бо знаходзіцца ў дзяржаўным «спісе тэрарыстаў». Былыя вязні таксама распавялі пра цяжкія ўмовы ўтрымання ў ШІЗА і праблемы са здароўем палітвязня.

17 ліпеня Івану Вярбіцкаму споўніцца 61 год. Гэта будзе ўжо шосты дзень народзінаў, які ён сустрэне за кратамі.