
У час так званага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі Івейскі раён падпісаў пагадненне аб устанаўленні сяброўскіх адносін з Бахчысараем — горадам у анексаваным Расіяй Крыме. Таксама былі заключаны пагадненні паміж установамі адукацыі і культуры.
Дакумент падпісалі старшыня Івейскага райвыканкаму Ігар Генец і намеснік старшыні Савета міністраў Рэспублікі Крым — пастаянны прадстаўнік Крыма пры прэзідэнце Расеі Георгій Мурадаў. Чыноўнікі рэгіёнаў маюць намер шчыльна супрацаваць.
Ініцыятарам такога пабрацімства стаўся старшыня рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Крыма» Раман Чагрынец. Бахчысарай звязваюць з Іўем таму, што ў райцэнтры Гарадзеншчыны ёсць татарская мусульманская супольнасць. Паводле некаторых ацэнаў каля 10% жыхароў Іўя вызнаюць мусульманства і выводзяць свае карані ад крымскіх татар. У горадзе стала дзеіць мячэт, адзін з трох у Гарадзенскай вобласці (два іншых – у Наваградку і Лоўчыцах).
