
Для гарадзенскага аэрадрома закупляюць праграмна-апаратны комплекс сістэмы пасадкі паветраных судоў з дальнамерным радыёмаяком.
На яго выдаткуюць 4 743 420 рублёў. Комплекс павінны паставіць да кастрычніка.
Ён павінен забяспечваць прадастаўленне інфармацыі на борце самалёта пра яго месцазнаходжанне датычна ўзлётна-пасадкавай паласы ў час заходу на пасадку і пасадкі.
Верагодна, гэты той сучасны радыёмаяк, пра які раней казалі ўлады. Ён павінен падвысіць бяспеку палётаў і пашырыць магчымасці аэрапорта. Улады чакаюць, што дзякуючы новаму абсталяванню атрымаецца адкрыць новыя авіярэйсы і прыцягнуць у Гарадзенскую вобласць больш турыстаў. Паводле папярэдніх планаў, новая сістэма павінна запрацаваць да сярэдзіны 2027 году.
Аб мадэрнізацыі аэрапорта Гародні стала вядома яшчэ восенню 2025 года. Тады дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Ігар Голуб паведамляў, што аэрапорту неабходны рамонт узлётна-пасадкавай паласы і абнаўленне аэратэхнічнага абсталявання. На гэтыя работы ўжо прадугледжана фінансаванне. Таксама заяўлялася, што ў 2026 годзе аэрапорт можа пачаць працаваць па чартарных або рэгулярных праграмах.
Hrodna.life
