
дзяржаўныя органы апублікавалі перадпраектную дакументацыю і матэрыялы ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе для пункта захавання радыёактыўных адходаў. Дакумент аб’ёмам каля 300 старонак прадстаўлены ў выглядзе адсканаваных малюнкаў.
Радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб, вядомы крытык праектных уразлівасцяў Беларускай АЭС і Нацыянальнага пункта пахавання радыеактыўных адходаў, прааналізаваў матэрыял і сфармуляваў як мінімум 12 заўваг да зместу справаздачы.
Паводле першай заўвагі, на пляцоўцы ў Хойніках Гомельскай вобласці зафіксавана ўдзельная актыўнасць галін сасны і бярозы — каля 600 Бк/кг па цэзіі-137 і 200 Бк/кг па стронцыі-90. Пры гэтым адходы лесанарыхтоўкі аўтары дакумента аднеслі да катэгорыі бяспечных, а рэкамендаваным рашэннем пазначылі перадачу драўніны іншым арганізацыям для далейшага выкарыстання.
Перадача іншым камерцыйным арганізацыям радыеактыўнай драўніны пагражае тым, што яна можа з’явіцца ў продажы ў выглядзе дроў, пелет або піламатэрыялаў. Як вынік, радыенукліды, звязаныя ў драўніне, становяцца рухомымі і рана ці позна назапашваюцца ў арганізме чалавека.
У другой заўвазе адзначаецца, што пры дэзактывацыі тэхнікі і кантэйнераў выкарыстоўваюцца хімічныя рэчывы — трылон Б, цытрынавая кіслата, ЭДТА, — здольныя звязваць іёны плутонію, амерыцыю і ўрану ў растваральныя злучэнні. На думку Бесараба, гэта можа павялічваць рухомасць гэтых элементаў у глебе пры трапленні сцёкаў у грунт.
Фактычна выкарыстанне комплексонаў робіць гліняны бар’ер (амаль галоўную “стрымлівальную сілу” для ўцечак радыенуклідаў са сховішчаў) практычна бескарысным і паскарае пранікненне плутонію і ўрану ў ваданосныя пласты ў сотні разоў.
Трэцяя заўвага датычыцца неадпаведнасці назвы аб’екта яго зместу: нягледзячы на вызначэнне “прыпаверхневы пункт пахавання”, генеральны план уключае модулі з заглыбленнем да 5,5 метра, пляцоўку для адходаў перапрацоўкі адпрацаванага ядзернага паліва і комплекс з устаноўкамі для выпарвання і спальвання. Гэта праява мэтанакіраванай падмены паняццяў, калі пад выглядам “проста звалкі” людзям фактычна прапануюць ядзерна-хімічны прамысловы комплекс.
Робіцца гэта для таго, каб спрасціць праходжанне экспертызы, знізіць катэгорыю экалагічнай небяспекі і звесці да мінімуму санітарна-ахоўную зону вакол аб’екта.
У чацвёртай заўвазе адзначаецца, што разлікі доўгатэрміновай бяспекі выконвалі расійскія арганізацыі АТ “ТВЭЛ” і АТ “ЦПТІ”, тады як беларускія інстытуты — АІЯЭІ “Сосны”, ЦНДІКІВР і “БелНДІПІэнергапрам” — удзельнічалі толькі ў геадэзічных працах, не праводзячы незалежных разлікаў.
Паводле пратаколаў МАГАТЭ такая сітуацыя называецца прамым канфліктам інтарэсаў. Юрыдычна гэта азначае, што пры будаўніцтве аб’екта будзе цалкам адсутнічаць незалежная беларуская праверка разлікаў.
Пятая заўвага адносіцца да разліку запраектнай аварыі — падзення самалёта масай 400 тон з узгараннем 70 тон авіяцыйнага паліва над ячэйкамі пахавання. Паводле справаздачы, гадавая доза для насельніцтва на адлегласці 100 метраў складзе 0,71 мЗв, што ніжэй за нарматыў у 1 м3в за год.
Бесараб указвае, што методыка не ўлічвае магчымае разбурэнне вентыляцыйных фільтраў пры пажары такой інтэнсіўнасці. Разліковы пажар са знішчэннем сістэмы вентыляцыі прывядзе да ўтварэння радыяцыйнага воблака з велізарнымі дозамі выпраменьвання, якія запатрабуюць неадкладнай эвакуацыі людзей, таму паказчыкі выкідаў, на яго думку, заніжаныя на 4–6 парадкаў.
У шостай заўвазе прыведзены дадзеныя пра час пераносу забруджвання грунтавымі водамі: для пляцоўкі ў Мсціславе да ракі Чорная Натопа — 5,8–6 гадоў, для пляцоўкі ў Астраўцы да ракі Газоўка — 14,5 года. Усе сцвярджэнні пра “надзейнасць глін” у адным абзацы, паводле аўтара, супярэчаць аргументам пра “лінзы пяску, якія прапускаюць ваду з хуткасцю 19 кубаметраў за суткі” ў іншым абзацы.
Сёмая заўвага датычыцца аб’яднання ў адным праекце розных катэгорый адходаў, у тым ліку часовага размяшчэння высокаактыўных адходаў ад перапрацоўкі паліва. Пры гэтым, паводле слоў Бесараба, дакумент не змяшчае рашэння аб іх канчатковым пахаванні.
Паводле міжнародных нормаў (базавыя рэгламенты МАГАТЭ SSR-5 і GSG-1), размяшчэнне высокаактыўных адходаў у прыпаверхневых сховішчах забаронена — яны павінны захоўвацца толькі ў глыбінных шахтах.
У восьмай заўвазе адзначаецца, што тэрмін службы ахоўных кантэйнераў закладзены ў 300 гадоў, бетонных канструкцый — у 100 гадоў, тады як частка ізатопаў у пераліку адходаў, у тым ліку ёд-129, мае перыяд паўраспаду да 15,7 мільёна года. Пры гэтым і ёд-129, і тэхнецый-99 у адходах знаходзяцца ў форме аніёнаў, якія не затрымаюць ні гліна, ні бетон. Як толькі ў нержавеючай сталі кантэйнера з’явяцца расколіны, усе гэтыя рэчывы могуць трапіць у рэкі.
Дзявятая заўвага датычыцца методыкі гідрадынамічных разлікаў, якая, на думку Бесараба, заснавана на кліматычных нормах мінулага стагоддзя без уліку сучасных кліматычных змен. Не ўлічваюцца цяперашнія рэаліі глабальнага змянення клімату і серыя экстрэмальных пагодных з’яў, якія апошнія гады ўсё часцей адбываюцца ў Беларусі.
У дзясятай заўвазе ўказваецца на адсутнасць у справаздачы раздзела пра радыяліз вады ў матрыцах адходаў — працэс, які можа прыводзіць да назапашвання вадароду ўнутры кантэйнераў. Назапашаны вадарод, паводле аўтара, можа прывесці да выбуховага разрыву абалонак кантэйнераў.
Адзінаццатая заўвага адносіцца да працэдуры грамадскіх абмеркаванняў. Паводле звестак Telegram-канала “Гомельскі флагшток”, на які спасылаецца Бесараб, слуханні праводзіліся ў закрытым фармаце, толькі для адміністрацыйных супрацоўнікаў.
Закрыты фармат грамадскіх слуханняў робіць ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе юрыдычна нікчэмнай у міжнародных органах ААН паводле, напрыклад, артыкула 6 Канвенцыі ЭСПА і Орхускай канвенцыі (з якой Беларусь выйшла ў 2022 годзе).
Дванаццатая заўвага датычыцца працэдуры выбару пляцоўкі. Паводле рэкамендацый МАГАТЭ, адбор павінен праходзіць праз этап вызначэння прыярытэтнай і рэзервовай пляцовак. У гэтым выпадку рашэнне прапануецца прыняць Савету Міністраў з трох варыянтаў без папярэдняга прафесійнага адбору.
Іншымі словамі, экспертныя арганізацыі, якія рыхтавалі справаздачу, перакладаюць крымінальна-экалагічную адказнасць за магчымы катастрафічны выбар на Савет Міністраў.
Справаздачу Сяргей Бесараб ахарактарызаваў як імітацыйны аналіз.
Нагадаем, распрацоўка датычыцца пункта пахавання радыеактыўных адходаў, для якога, у прыватнасці, разглядаюцца пляцоўкі ў Хойніках, Мсціславе і Астраўцы.
