правы чалавека

Коратка:

  • У Беларусі працягваецца жорсткі дзяржаўны тэрор, праз што сітуацыя з правамі чалавека ацэньваецца экспертамі як крытычная. Сістэмныя рэпрэсіі не слабеюць і па-ранейшаму накіраваныя супраць іншадумцаў, палітычных апанентаў, удзельнікаў пратэстаў, журналістаў і праваабаронцаў;
  • адсутнасць паляпшэнняў сітуацыі з правамі чалавека на ўзроўні захавання асноўных правоў і свабод сведчыць аб стагнацыі сітуацыі і не дае надзей на эвалюцыю рэжыму;
  • гэтыя і іншыя негатыўныя фактары пакідаюць Беларусь у фокусе ўвагі міжнароднай супольнасці ў сувязі з грубымі і сістэматычнымі парушэннямі правоў чалавека;
  • палітычная апазіцыя ў Беларусі разгромленая, працягваецца пераслед іншадумцаў, пашыраецца трансгранічны пераслед, дэпартацыі пад страхам адвольнага крымінальнага пераследу, па-ранейшаму фіксуюцца катаванні, жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае абыходжанне;
  • на канец чэрвеня 2026 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 859 палітычных зняволеных, у тым ліку 117 жанчын. Колькасць былых палітвязняў склала 3 867 чалавек;
  • мінімум 176 палітвязняў знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы праз свой стан здароўя, узрост або абставіны зняволення;
  • за месяц праваабаронцы прызналі палітвязнямі 43 чалавекі;
  • за чэрвень праваабаронцам стала вядома пра не менш чым 74 выпадкі рэпрэсій, якія вынікаюць з крымінальнага або адміністрацыйнага пераследу (затрыманні, ператрусы, суды); за апошнія тры месяцы стала вядома пра больш чым 270 такіх выпадкаў.
  • працягваюцца трансгранічныя рэпрэсіі – у выглядзе адвольнага крымінальнага пераследу, унясення ў пералікі “экстрэмістаў”, прымусу да сакрэтнага супрацоўніцтва, сачэння і ціску наўпрост ці праз родных і блізкіх, якія засталіся ў Беларусі, канфіскацыі маёмасці тых, хто з’ехаў;
  • статыстыка прызнання арганізацый і груп грамадзян “экстрэмісцкімі фармаваннямі” кажа аб нарастальным патэнцыяле крымінальных рэпрэсій у параўнанні з мінулым годам: 46 суб’ектаў супраць 41 за той жа перыяд 2025 года. Гэта той жа ўзровень, што ў першым паўгоддзі 2022 года, і ў паўтары разы больш, чым за першае паўгоддзе 2023 года;
  • статыстыка ўнясення ў пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмізму, дазваляе меркаваць аб тым, што ўзровень крымінальнага пераследу – амаль 100 чалавек у сярэднім штомесяц, застаецца вышэй за ўзровень 2024 года (97 чалавек у сярэднім штомесяц) і трохі саступае ўзроўню мінулага года (больш за 110 чалавек у сярэднім штомесяц).

Міжнародныя механізмы прыцягнення да адказнасці

2 чэрвеня Спецдакладчыкі і эксперты ААН выказалі сур’ёзную занепакоенасць умовамі ўтрымання і пагаршэннем здароўя палітычных зняволеных у Беларусі, заявіўшы аб магчымых выпадках жорсткага абыходжання і заклікаўшы ўлады забяспечыць тэрміновую медыцынскую дапамогу і перагледзець практыку прымянення законаў аб “экстрэмізме” і “тэрарызме”.

Спецдакладчык ААН па Беларусі Нільс Муйжніекс выпусціў новы даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў перыяд з 1 красавіка 2025 года па 31 сакавіка 2026 года. Даклад асвятляе сістэматычнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека, уключаючы палітычныя рэпрэсіі, абмежаванне свабоды слова і СМІ, пераслед апазіцыі і актывістаў праз законы аб «экстрэмізме», парушэнні правоў зняволеных, дыскрымінацыю (у тым ліку ЛГБТК+ і моўную), а таксама маштабны ціск на культурную і адукацыйную сферы, якое суправаджаецца ідэалагізацыяй гісторыі, русіфікацыяй і ўзмацненнем палітычнага кантролю над грамадствам.

18 чэрвеня Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у якой заклікаў да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. 

У Глабальным індэксе катаванняў 2026 Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMCT) другі год запар унесла Беларусь у катэгорыю “вельмі высокая рызыка”, што кажа аб сістэматычным парушэнні абсалютнай забароны катаванняў і іншых відаў жорсткага абыходжання, а таксама вельмі слабымі гарантыямі прадухілення і абароны ад выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання.

Палітычна матываваны пераслед і палітычныя зняволеныя

Статыстыка

З 2020 года мінімум 9 914 чалавек сутыкнуліся з палітычна матываваным крымінальным пераследам і мінімум 8 590 чалавек былі асуджаныя, у тым ліку завочна. Дадзеныя паказчыкі працягваюць расці кожны месяц, хоць праваабаронцы істотна абмежаваныя ў магчымасцях атрымання інфармацыі аб пераследах.

На канец чэрвеня ў няволі застаюцца 859 палітычных зняволеных, у тым ліку 117 жанчын. Пасля памілаванняў груп палітвязняў, калі агульная колькасць палітвязняў рэзка ўпала, гэты паказчык працягвае паступова расці за кошт новых выпадкаў крымінальнага пераследу.

Вядома пра 176 палітвязняў у асабліва ўразлівым становішчы праз свой стан здароўя, узрост або абставіны зняволення.

Колькасць былых палітвязняў склала 3 867 чалавек, у тым ліку 769 жанчын.

Рэпрэсіі

25 чэрвеня кіраўнік Следчага камітэта Беларусі Канстанцін Бычак на Пецярбургскім міжнародным юрыдычным форуме заявіў, што “прававую ацэнку атрымалі ўсе ўдзельнікі масавых беспарадкаў, іх арганізатары, асобы, якія аказвалі супраціў праваахоўнікам і – самае галоўнае – тыя, хто выношваў планы гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу”. Гэтая заява не з’яўляецца сведчаннем спынення пераследу ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, а хутчэй адлюстроўвае канчатковую юрыдычную ацэнку абвінаваўчага характару і адлюстроўвае шырокі падыход да вызначэння кола асоб, якія падлягаюць крымінальнай адказнасці.

Фіксуюцца масавыя спробы вярбоўкі беларусаў у эміграцыі, у тым ліку праз пакінутых у Беларусі бацькоўнібыта ад асобы праваабаронцаў і ад асобы журналістаў.

Працягвалася хваля масавых ператрусаў супрацоўнікамі КДБ у беларусаў у эміграцыі, частка ператрусаў звязаная з удзелам у мерапрыемствах дыяспар да Дня Волі. З пачатку чэрвеня больш за 60 ператрусаў зафіксавана ў студэнтаў і іх бацькоў у сувязі з вучобай у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.

Працягваўся пераслед удзельнікаў чатаў сваякоў асуджаных, некаторыя з іх раней былі прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі.

Працягваліся ўзмоцненыя праверкі, прагляд тэлефонаў, допыты і затрыманні на мяжы. Паведамлялася аб затрыманні ў тым ліку грамадзяніна Літвы, а таксама былога супрацоўніка КДБ – грамадзяніна Польшчы і Беларусі.

Таксама, паведамлялася, аб працяглым заключэнні грамадзянкі Украіны Наталлі Баташавай у ізалятары часовага ўтрымання.

Працягвалі паступаць звесткі аб рэалізацыі маёмасці, арыштаванай у рамках палітычна матываваных крымінальных спраў супраць палітычных зняволеных і па завочных рашэннях суда супраць актывістаў у вымушанай эміграцыі. Так, напрыклад, на аўкцыён выстаўлены аўтамабіль дэпартаванага палітвязня Віталя Цынкеляпрададзеная кватэра завочна асуджанага былога сябра Каардынацыйнай рады і дырэктара BEROC Паўла Данейківыстаўленыя на аўкцыён іконы палітвязня ксяндза Генрыха Акалатовіча.

Становішча палітвязняў

У рэжыме інкамунікада працягвае знаходзіцца Уладзімір Кніга з 5 верасня 2023 года. Верагодна, у рэжыме інкамунікада ўтрымліваюцца таксама палітвязні – анархісты Ігар АліневічМікіта Дранец і Арцём Салавей, якія, як паведамляецца, у папраўчай калоніі № 20 пастаянна змяшчаюцца ў ШІЗА і ПКТ. Таксама паведамлялася аб ізаляцыі ад іншых зняволеных палітвязняў, асуджаных па справе “Чорнай кнігі Беларусі”.

Сярод палітвязняў застаюцца трое затрыманых у непаўналетнім узросце: Дзмітрый ЗахарошкаТрафім Барысаў і Аляксандра Пуліновіч.

Паступілі звесткі пра пагаршэнне здароўя і мікраінсульт у Кірыла Ашурка, у Аляксандры Каско выяўлена захворванне. Васіль Верамейчык мае сур’ёзныя праблемы з сэрцам, не выключана, што, ён перанёс інфаркт у няволі.

Агулам праваабаронцам вядома пра як мінімум 176 палітвязняў у асабліва ўразлівым становішчы праз свой стан здароўя, узрост або абставіны зняволення.

Праваабаронцы працягваюць фіксаваць ціск на былых палітвязняў і іх сем’і. Так, паведамлялася пра візіты супрацоўнікаў КДБ для правядзення прафілактычных гутарак.

Пераслед праваабаронцаў  

У няволі застаюцца праваабаронцы Уладзімір Целяпун, які ўтрымліваецца ў СІЗА па абвінавачванні ў экстрэмізме і дыфамацыі, і Віталь Чопік, які адбывае сем гадоў пазбаўлення волі за перадачу інфармацыі аб палітычна матываваных судах.

12 чэрвеня Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, якая аб’ядноўвае Міжнародную федэрацыю за правы чалавека (FIDH) і Сусветную арганізацыю супраць катаванняў (OMCT), выступіла з экстранай заявай у сувязі з адвольным затрыманнем Уладзіміра Целяпуна.

Катаванні і забароненае абыходжанне

26 чэрвеня свет адзначае Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў — дату, закліканую нагадаць пра непахіснасць чалавечай годнасці. Менавіта ў гэты дзень у 1987 годзе набыла моц Канвенцыя ААН супраць катаванняў. Аднак у Беларусі, насуперак усім міжнародным абавязальніцтвам, жорсткае абыходжанне і гвалт з боку сілавых структур застаюцца сістэмнай дзяржаўнай практыкай ды інструментам палітычнага кантролю, маштабы якога да гэтага часу застаюцца крытычнымі. Праваабронцы распавялі, як змяніўся характар рэпрэсій у беларускіх месцах несвабоды за апошнія гады, чаму пацярпелыя ад катаванняў часта маўчаць пра перажытае і чаму нядаўняе адкрыццё расследавання ў Міжнародным крымінальным судзе (МКС) дае рэальны шанец на правасуддзе.

Праваабаронцы працягваюць дакументаваць факты катаванняў і жорсткага абыходжанняў у Беларусі. СІЗА КДБ, вядомае як “Амерыканка”, застаецца самым закрытым і жорсткім месцам, дзе чалавека гатовыя ламаць любымі сродкамі. У сведчаннях былых палітзняволеных — падвешванне ў кайданках, змяшчэнне ў “мяккую” камеру ў выглядзе “труны”, удушэнне пакетамі і вадой, збіванне электрашокерамі, пазбаўленне сну і пастаянны псіхалагічны ціск. Сёння стала вядома, што КДБ трымала ў закладніках прыхаджан палітзняволенага святара Генрыха Акалатовіча, каб націснуць на яго. Зімой праваабаронцы апублікавалі жахлівую гісторыю пераследу і катаванняў кдбшнікамі сям’і з Украіны ў Беларусі. Пра збіццё і змяшчэнне ў “мяккі пакой” у КДБ перад вызваленнем распавядаў Мікола Дзядок. У Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў “Вясна” паразмаўляла з праваабаронцам Уладзем Лабковічам, які прайшоў праз досвед утрымання ў СІЗА КДБ, і сабрала некаторыя гісторыі катаванняў і здзекаў у цэнтры Мінска.

Гэтыя і іншыя факты пацвярджаюць тэзіс праваабаронцаў аб тым, што злачынствы супраць чалавечнасці і грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі працягваюцца, яны не абмежаваліся 2020-м годам, яны маюць патрэбу ў расследаванні з наступным прыцягненнем вінаватых да адказнасці. Пры гэтым у цэнтры ўвагі павінны быць ключавыя патрабаванні тых, хто выжыў, уключаючы доступ да медыцынскай, псіхалагічнай і сацыяльнай падтрымцы. 

Падаўленне свабоды мірных сходаў і свабоды асацыяцыі

Працягваецца падаўленне свабоды мірных сходаў. Сярод палітвязняў — 147 чалавек, якія пазбаўленыя волі ў тым ліку паводле арт. 342 КК за ўдзел у мірных пратэстах 2020-2021 года. 

9 чэрвеня ў Брэсце на трое сутак у чаканні суда па адміністрацыйнай справе была затрыманая Наталля Бандарук, сястра былога палітвязня Данііла Бандарука, абвінавачаная ў “несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” за распаўсюд хрысціянскага вучэння на Вялікдзень, 12 чэрвеня суд прызначыў ёй штраф у 225 рублеў.

Сітуацыя са свабодай асацыяцыі застаецца крытычнай. Па дадзеных “Lawtrend”, з 2020 года мінімум 2 033 арганізацый грамадзянскай супольнасці былі ліквідаваныя або знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі. Гэты паказчык працягвае расці.

Па звестках “Экадом” з 2021 года спынілі працу больш за 140 экалагічных арганізацый.  Прымусова ліквідаваныя былі больш за 80 экалагічных арганізацый, у тым ліку найбольш уплывовыя “Экадом”, “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, “Багна” і “Менскае роварнае таварыства”. Таксама, каля 60 арганізацый спынілі сваю дзейнасць самастойна альбо праз ціск кладаў.

Паведамлялася, што чатыры грэка-каталіцкія (уніяцкія) парафіі не прайшлі перарэгістрацыю : парафія ў Воршы і ўсе парафіі Берасцейскай вобласці — у Брэсце, Баранавічах, Івацэвічах. Перарэгістрацыя праводзілася па патрабаванні Закона 2023 года “аб змяненні законаў па пытанні дзейнасці рэлігійных арганізацый”. Новыя патрабаванні ўключалі поўную забарону на палітычную дзейнасць вернікаў і абавязковае беларускае грамадзянства для кіраўніка рэлігійнага аб’яднання. Рэлігійная дзейнасць без стварэння і дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійных арганізацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забароненая. Арганізацыя дзейнасці або ўдзел у дзейнасці рэлігійнай арганізацыі, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, цягнуць крымінальную адказнасць паводле арт. 193-1 КК і могуць быць пакараныя пазбаўленнем волі.

Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю па завочным прысудзе Віцебскага абласнога суду ў дачыненьні да ініцыятывы назіраньня за выбарамі “Сумленныя людзі”, прысуд пакінуты без зменаў. 

Працягваўся пераслед новаабраных членаў Каардынацыйнай рады (альтэрнатыўны прадстаўнічы орган прадэмакратычных сіл Беларусі). Прадстаўніца фракцыі “Кааліцыя Латушка і Рух “За Свабоду” Рыта Гаціх атрымала пагрозы, найбольш імаверна, ад спецслужбаў Беларусі. 

Па справе “Чорнай кнігі Беларусі” (анлайн-праект дэананімізацыі ўдзельнікаў фальсіфікацый выбараў-2020, а таксама тых, хто здзяйсняе катаванні і жорсткае абыходжанне ў адносінах да затрыманых пратэстоўцаў), па якім у 2021 годзе ў выніку незаконнай пасадкі самалёта Ryanair былі затрыманыя Раман Пратасевіч і Сафія Сапега, вядома пра як мінімум 31 асуджанага, з якіх 21 чалавек застаецца ў зняволенні.

Парушэнне свабоды выказвання меркавання

Працягваўся крымінальны пераслед за крытыку ўладаў і праявы нелаяльнасці.

Стаў вядомы новы выпадак непрапарцыйна жорсткага затрымання за мірнае выразам меркавання – з удзелам пяці супрацоўнікаў АМАП у поўным абмундзіраванні – у дачыненні да 41-гадовага жыхара Салігорска.

Быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА паводле абвінавачванняў эканамічнага характару Андрэй Макоўскі, кіраўнік Мінскай архітэктурнай студыі “ZROBIM architects”, у якой прайшлі затрыманні і ператрусы ў супрацоўнікаў пасля публічнай крытыкі кіраўніцтвам студыі патрабаванні ўладаў увесці ў штат пасаду ідэалагічнага работніка. 

Былы супрацоўнік міліцыі Міхаіл Куцко быў завочна асуджаны да 15 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 356 КК (Здрада дзяржаве). 12 чэрвеня Гродзенскі абласны суд прызнаў яго вінаватым “у выдачы замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь і іншым аказанні дапамогі замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна здзейсненымі грамадзянінам Рэспублікі Беларусь”.

Вядома пра мінімум 151 асуджанага паводле абвінавачванняў у здрадзе дзяржавы (уключаючы падбухторванне да дзяржаўнай здрады). Гэта экстрэмальна высокі паказчык. Агулам па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе, шпіянажы і агентурнай дзейнасці з 2020 года асуджана не менш за 185 чалавек. Для параўнання, у ваюючай Расіі за той жа перыяд судамі (уключаючы ваенныя суды і суды на акупаваных тэрыторыях чатырох абласцей) вынесена па розных ацэнках ад 1 035 да 1 100 прысудаў па адпаведных складах. З улікам розніцы ў колькасці насельніцтва (16-кратная, амаль такая ж – у колькасці паўналетніх), шасціразовая розніца ў колькасці асуджаных сведчыць пра амаль утрая высокі ўзровень рэпрэсій у гэтым кірунку ў Беларусі.

Аксана Вольвачава была асуджаная Мінскім гарадскім судом паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) за выказванні ў Telegram, у тым ліку яна сябе называла “ўкраінкай з акупаванага Мінска”.

Не спыняецца пераслед за атрыманне і перадачу інфармацыі з незалежных беларускіх медыя, унесеных уладамі ў спіс экстрэмісцкіх метарыялаў. Так, фіксаваліся выпадкі адміністрацыйнага пераследу за скрыншот медыя “Наша Ніва”, а таксама за падпіску на медыя “Хартыя’97” у сацсетцы “Однокласники”. 

Хатэры Хадададзі, грамадзянка Ірана, затрыманая ў Беларусі за выказванні онлайн пра іранскія ўлады, была дэпартаваная з Беларусі і атрымала забарону на ўезд на 30 гадоў. Таксама, стала вядома, пра дэпартацыю іншага грамадзяніна Ірана з Беларусі і забарону на ўезд на 30 гадоў пасля адміністрацыйнага спагнання паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Іх затрыманне было прама звязана з палітычнымі перакананнямі і рэалізацыяй свабоды выказвання меркаванняў. Рэпрэсіі з удзелам беларускіх спецслужбаў за крытыку недэмакратычнага афіцыйнага Ірана – гэта яскравы прыклад узаемнай падтрымкі таталітарных рэжымаў 

19 чэрвеня ўступілі ў сілу змены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія ўводзяць адказнасць за “прапаганду гомасексуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці і педафіліі” (арт. 19.16) і “незаконнае прадстаўленне Рэспублікі Беларусь на міжнародных мерапрыемствах” (арт. 24.62).

Медыя “Наша Ніва” раскрыла спіс дзяржслужачых, адказных за “Спіс друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюджванне якіх здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”, які адвольна цэнзуруе рынак друкаванай прадукцыі, эксплуатуе размытую і юрыдычна нявызначаную фармулёўку для пазасудовага абмежавання свабоды пошуку, атрымання і распаўсюджвання інфармацыі. Гэта Лілія АнанічДзяніс ЯзерскіДзяніс ІльяшэвічАрцём ШкробатСяргей КабаковічМаксім ЛітвінскіЮрый ДзірманСяргей ГлазырынАляксандр ГараднічэнкаУладзімір МакараўЮлія ЯроцкаяАнастасія КудрэйкаЛарыса МяльгуйРыгор ВасілевічІгар ЛуцкіГаліна ШышкінаВольга ПапкоМікалай Сухоцкі.

Парушэнне правоў і свабод на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам 

Праваабаронцы працягвалі фіксаваць новыя крымінальныя справы і затрыманні паводле надуманых абвінавачванняў у “экстрэмізме” і “тэрарызме”.

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў заявіў на сумесным пасяджэнні палат парламента, што “ў 2025 годзе спынена 100 злачынстваў, звязаных з фінансаваннем тэрарызму і экстрэмізму”. 

2 чэрвеня стала вядома аб узбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з дзейнасцю Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту (Вільня), раней прызнанага Вярхоўным судом Беларусі экстрэмісцкай арганізацыяй. На працягу месяца ў студэнтаў і былых студэнтаў, а таксама іх сваякоў у Беларусі КДБ правяло ператрусы, допыты і прафілактычныя гутаркі, патрабуючы ад студэнтаў адлічыцца з універсітэта альбо даць пацверджання яго заканчэння. Агулам вядома пра мінімум 60 студэнтаў і былых студэнтаў, якія сутыкнуліся з ператрусамі, допытамі, затрыманнямі і рознымі формамі запалохвання. Фіксуецца, што пры правядзенні працэсуальных дзеянняў праваахоўныя органы не падаюць належных копій пратаколаў ператрусу, позваў на допыты і іншых працэсуальных дакументаў.

Як і ў мінулыя месяцы, фіксуецца вялікая колькасць крымінальных абвінавачванняў і асуджэнняў за “садзейнічанне экстрэмізму” за шырокі спектр мірнага ўзаемадзеяння з незалежнымі медыя, праваабарончымі арганізацыямі, прадэмакратычнымі палітычнымі арганізацыямі, фондамі салідарнасці і г. д. На працягу месяца ПЦ “Вясна” публікаваў паведамленні пра 19 такіх выпадках пераследу, у тым ліку ў дачыненні да Дзмітрыя ЖукаКірыла ЛойкіГанны КраснеўскайСвятланы Каралёвай і інш. 

Працягваўся пераслед за данаты, у тым ліку праз фонд салідарнасці “BYSOL”. Усяго вядома пра як мінімум 159 асуджаных за данаты. Да найбольшых тэрмінаў пазбаўлення волі былі прысуджаныя Ірына Рашкевіч (дзевяць гадоў) і Мікалай Васілевіч (дзевяць гадоў і шэсць месяцаў). Ужо да канца 2023 года ўлады рапартавалі пра больш чым 37 млн беларускіх рублёў (больш за 10 млн еўра) “добраахвотных ахвяраванняў”, выплачаных грамадзянамі пад пагрозай прыцягнення да крымінальнай адказнасці за фінансаванне ініцыятыў салідарнасці.

Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі, як і ў мінулыя месяцы, працягвалі папаўняць у пазасудовым парадку пералікі, якія маркіруюць фізічных асоб, арганізацыі, ініцыятывы якія нібыта адносяцца да “экстрэмізму” і “тэрарызму”.

У пераліку тэрарыстаў на канец чэрвеня налічваецца 1 628 чалавек, з іх 714 – грамадзяне Беларусі, уключаныя туды па палітычных матывах. У чэрвені ў пералік былі ўнесены 14 чалавек, усе грамадзяне Беларусі. Пералік тэрарыстычных арганізацый налічвае па ранейшаму 484 пазіцыі (з іх шэсць беларускіх), у бягучым месяцы ён не папаўняўся.

Пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмізму папоўніўся 95 асобамі і ўключае 6745 чалавек. Пералік экстрэмісцкіх фармаванняў папоўніўся на дзве пазіцыі – у яго ўнесены сатырычны культурны праект “Чын Чын Чэнэл” і Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы – і ўключае 373 арганізацыі і ініцыятывы.

Таксама на працягу месяца папаўняўся Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго, напрыклад, па рашэнні суда ўключылі больш за 50 набораў стыкераў у месенджары Telegram.

Парушэнне права на справядлівы суд

Спецыяльная вытворчасць, якая дазваляе вынесці абвінаваўчы прысуд завочна, даўно выйшла за межы пераследу палітыкаў і актывістаў у выгнанні, і распаўсюджваецца на больш шырокі спектр выказванняў і актыўнасцяў, якія ўлады адносяць да праяў нелаяльнасці.

Так, напрыклад, спецыяльная вытворчасць была ўзбуджаная супраць Кацярыны Манкевіч, вакалісткі гурта Dymna Lotva, па абвінавачваннях у тэрарызме і экстрэмізме. 

Пры гэтым, абвінавачаныя ў рамках завочнага вытворчасць сістэматычна арганізуюцца ў мінімальных гарантыях абароны і справядлівага судовага разбіральніцтва.

Так, напрыклад, за тры дні было праведзена расследаванне ў рамках спецыяльнай вытворчасці па крымінальнай справе супраць пяці добраахвотнікаў палка Каліноўскага Мікалая Бойкі, палітзняволенай Наталлі НікіцінайКрысціны Станкевіч і Міхаіла Чупрынскага. Крымінальная справа перададзена генеральнаму пракурору для накіравання ў суд. 

Суды працягваюць актыўна ўдзельнічаць у палітычна матываваным пераследзе, у тым ліку злоўжываючы заканадаўствам па барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам.

Пры гэтым, у выніку такіх завочных рашэнняў часта арыштоўваецца і выстаўляецца на аўкцыён маёмасць абвінавачаных для спагнання грашовых штрафаў. Так, выстаўленыя на продаж кватэры асуджанага завочна да 25 гадоў і 400 тысячам рублёў штрафу Аляксандра Азарава, кіраўніка BYPOL.

Праваабаронца Леанід Судаленка, чый TikTok-акаўнт быў прызнаны рашэннем суда Маладзечанскага раёна “экстрэмісцкім матрыалам”, атрымаў адмову ў прадастаўленні яму копіі рашэння. 

Апеляцыйнае абскарджанне застаецца неэфектыўным. Суды апеляцыйнай інстанцыі, у большасці выпадкаў, пакідаюць прысуд без зменаў, а калі і ўносяць змены ў інтарэсах абвінавачаных — то, як правіла, па фармальных прычынах або нязначныя. Так адбылося з апеляцыяй па справе супраць журналістаў Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленкі. Вярхоўны суд 8 чэрвеня разгледзеў іх апеляцыйныя скаргі і пакінуў прысуд Янукевічу ў сіле, а Пакаленку – змяніў з 12 на 11 гадоў пазбаўлення волі. 

Суды па-ранейшаму злоўжываюць працэдурай закрытага судовага пасяджэння, дапушчальнай, згодна з міжнародным стандартам, толькі ў выключных выпадках. Напрыклад, абсалютна ўсе вядомыя ПЦ “Вясна” разбіральніцтвы па абвінавачваннях у “здрадзе дзяржаве” (арт. 356 КК) праходзяць у закрытым рэжыме, пры гэтым з 2023 года дадзены артыкул прадугледжвае ў некаторых выпадках у якасці пакарання смяротнае пакаранне.

Пераслед за салідарнасць з Украінай у кантэксце вайсковай агрэсіі Расіі супраць Украіны

Сяргей Стасенка быў асуджаны да 20 гадоў пазбаўлення волі, верагодна, па новай справе “рэйкавых партызан”.

Па “справе Гаюна” (за перадачу інфармацыі аб расійскай ваеннай тэхніцы і яе перамяшчэнні на тэрыторыі Беларусі праз Telegram-бот “Беларускі Гаюн”) вядома аб асуджэнні не менш за 200 чалавек.

У тым ліку, Яна Гурыновіч і Вольга Марчанка, якія ўтрымліваліся ў СІЗА, былі асуджаныя да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, а Павел Чарняк – да чатырох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ. 

ПЦ “Вясна” таксама апублікавала ананімізаваную гісторыю катаванняў затрыманага па “справе Гаюна”, уключаючы пагрозы забойствам і збіцця пры затрыманні, балючыя метады фізічнага ўздзеяння ў ІЧУ, прымяненне электрашокера, фізічны гвалт і сістэматычны псіхалагічны ціск падчас утрымання пад вартай і ў калоніі.

Да 14, 12 і 11 гадоў пазбаўлення волі адпаведна па абвінавачванні ў “здрадзе дзяржаве” былі асуджаныя муж і жонка Дзмітрый і Таццяна Корсакавы, і завочна іх дачка Пелагея Корсакава, якая знаходзіцца ва Украіне.

Стала вядома пра затрыманне ў жніўні 2025 г. добраахвотніка палка Каліноўскага Андрэя Сяргеева пры выездзе з Беларусі ў Польшчу.

Пераслед журналістаў

Журналістаў працягваюць пераследаваць за выкананне сваёй працы як унутры краіны, так і за яе межамі

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на канец чэрвеня 2026 года ў зняволенні знаходзіцца 21 супрацоўнік медыя.

8 чэрвеня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйныя скаргі абвінавачаных у “здрадзе дзяржаве” (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) былых кіраўнікоў рэгіянальнай незалежнай газеты Intex-Press Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленкі. Прысуд у дачыненні да Уладзіміра пакінуты без змены —  14 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Андрэю Пакаленку тэрмін зняволення паменшылі на адзін год — да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

26 чэрвеня Мінскі гарадскі суд вынес прысуды журналісту Кірылу Пазняку і ягонай дачцэ Яніне Пазняк. Кірыла асудзілі да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на тры гады і шэсць месяцаў і штрафу ў памеры 550 базавых велічынь (24 750 рублёў) за здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і 369-1 (Дыскрэдытацыя Беларусі) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Журналіста і ягоную дачку прызналі стваральнікамі экстрэмісцкага фармавання: YouTube-канала” Платформа 375″, на якім асвятляліся эканамічныя і палітычныя падзеі ў краіне. YouTube-канал “Платформа 375” быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем у дзень затрымання Кірыла і Яніны, 3 верасня 2025 года.

Журналісты падвяргаюцца транснацыянальным рэпрэсіям

30 чэрвеня на аўкцыёне прадалі кватэру завочна асуджанага ў 2024 годзе журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча.  Яшчэ раней улады прадалі ўсю бытавую тэхніку сям’і, а таксама лецішча праваабаронцы ў Мастоўскім раёне. 19 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд завочна прызначыў Хільмановічу пазбаўленне волі тэрмінам на пяць гадоў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у 40 тысяч рублёў (11,5 тысяч еўра).

Вясна