
Праваабаронцы паведамляюць, што на сёння ім вядома мінімум пра 209 пацверджаных засуджаных па так званай «справе Гаюна». Агульная колькасць фігурантаў, верагодна, значна большая: затрыманні працягваюцца па ўсёй Беларусі, апошнія з іх адбыліся яшчэ на мінулым тыдні.
Суды па «справе Гаюна» адбываюцца амаль штодня. З пачатку года ў «спіс экстрэмістаў» МУС ужо ўключылі 462 чалавекі, засуджаных паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Паводле праваабаронцаў, пераважная большасць з іх — фігуранты менавіта гэтай справы. Большасці абвінавачаных прызначаюць абмежаванне волі без накіравання ў “папраўчую ўстанову” (так званую «хатнюю хімію»), аднак вядомыя і выпадкі пазбаўлення волі.
