
У адным з сваіх тэлеграм-каналаў гарадзенская міліцыя паведаміла, што ў Гародні ў час святочных мерапрыемстваў, прысвечаных „Дню Незалежнасці”, зафіксаваны факт супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўніка ОМОН.
Інцыдэнт адбыўся каля паўночы на адным з кантрольна-прапускных пунктаў. 54-гадовы мужчына, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, праігнараваў устаноўленыя правілы бяспекі і паспрабаваў прайсці ў зону правядзення мерапрыемстваў з боку КПП, прызначанай выключна для выхаду грамадзян.
Супрацоўнік міліцыі нібыта неаднаразова ўказаў мужчыну на неабходнасць прайсці ў надглядную зону для „праходжання абавязковых працэдур”. У адказ на патрабаванні міліцыянта грамадзянін выявіў агрэсію і ўдарыў сілавіка далонню па галаве.
Мужчыну затрымалі і пасадзілі ў ІЧУ. Супраць яго пачалі крымінальную справу за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучанае з ужываннем гвалту (арт.363 КК).
Па версіі мужчыны, ён палічыў супрацоўніка міліцыі грамадзянскай асобай. Ударыў яго выпадкова – па рэакцыі. А сам гарадзенец чакаў са свята сям’ю і не збіраўся праходзіць праз КПП.
