
Са спазненнем прыйшла сумная вестка з Зэльвы. Памёр грамадска-культурны дзеяч, выдавец, калекцыянер, мастак і краязнавец Юры Качук.
Юры Качук нарадзіўся 17 лютага 1963 года ў Зэльве. Меў вышэйшую адукацыю інжынера па эксплуатацыі аўтамабільнага транспарту. Але гэтай спецыяльнасцю ён мала цікавіўся. Юры пісаў вершы, эсэ, аповесці. Напісаў сцэнарыі і зняў некалькі дакументальных фільмаў. Цікавіўся філасофіяй, кулінарыяй, кампутарнай графікай, картаграфіяй і музыкай.
Напачатку 2000-х гадоў разам з дачкой Юляй ён выдаваў першую на Зэльвеншчыне вучнёўска-бацькоўска-настаўніцкую газету “Зяльвяначка”. У 2001 і 2004 гадах выдаваў таксама аніматарскі часопіс Зэльвеншчыны “Бэз”, дзе друкаваў літаратурныя творы землякоў. Разам з Янінай Чыжэўскай выдаў у Польшчы на беларускай і польскай мовах кнігу “Традыцыйныя стравы Беласточчыны і Гродзеншчыны”. А ў 2010 годзе ў Беластоку па-беларуску выйшла яго цудоўная, прысвечаная беларускай кухні, кніга “Моц смаку”.
Юры Качук вельмі перажываў трагічную смерць сваёй адзінай 31-гадовай дачкі Юліі, якая вучылася ў Карлавым універсітэце і трагічна загінула 17 чэрвеня 2017 года ў Празе. Сэрца яго такі боль за гэтыя гады вытрымаць не змагло. Юрыю было 63 гады.
