
Гарадзенскі абласны суд 6 ліпеня пачаў “разгляд” завочнай крымінальнай справы ў дачыненні да грамадскага актывіста Паўла Міцкевіча. Яму інкрымінаваныя ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Беларусі). Калі пройдзе наступнае паседжанне пакуль невядома.
Прычым характэрна, што доўга цягам гэтай справы фігураваў толькі адзін крымінальны артыкул. Аднак следчыя цягам сваёй працы пастанавілі ўрэшце “прыпаяць”яшчэ адзін артыкул – так званай дадатковай кваліфікацыяй ад 30 сакавіка 2026 году. Цяпер Паўлу інкрымінуюць таксама “дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь”.

Павел Міцкевіч — заснавальнік, старшыня Праўлення і кіраўнік праектаў у фондзе «Okno na Wschód». Да 2020 году фонд займаўся трансмежавымі польска-беларускімі і польска-ўкраінскімі праектамі, звязанымі з адукацыяй і культурай. Апошнія гады адзін з асноўных кірункаў яго дзейнасці — дапамога перасяленцам з Беларусі, Украіны і Расіі ў Беластоку і іх інтэграцыя
Павел жыве за мяжой ужо больш за 20 гадоў. Пра пачынанне супраць яго завочнай крымінальнай справы стала вядома ў красавіку 2024 году.
Раней у рамках палітычнага пераследу па так званай спецвытворчасці на Гарадзеншчыне ўжо былі засуджаныя Вольга Вялічка, Кацярына Туманава, Алесь Кіркевіч, Уладзімір Хільмановіч, Надзея Сцепанцова, Жана Захаркевіч, Вадзім Саранчукоў, Ежы Грыгенча, Юрый Махнач, Антон Матолька, Станіслаў Буйніцкі, Віктар Дамарацкі, Андрэй Занеўскі, Максім Шабуцкі, Аляксандр Зубрык, Міхаіл Куцко. У дачыненні як мінімум яшчэ да 5 чалавек справы працягваюцца.
