Падчас утрымання ў былым мінскім СІЗА №1 на Валадарцы праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч атрымаў турэмную “маляву” ад выбітнага мастака і палітвязня Алеся Пушкіна, які загінуў у гродзенскай турме № 1 у 2023 годзе. Гэты невялікі ліст, напісаны мастаком у карцары напярэдадні выраку, стаў не толькі сведчаннем салідарнасці за кратамі, але і дакументам таго часу.

малява Пушкіна

Турэмная “малява” мастака Алеся Пушкіна да праваабаронцы Валянціна Стэфановіча. Фота: spring96.org

Гісторыя даўняга знаёмства

Алесь Пушкін і Валянцін Стэфановіч ведалі адзін аднаго шмат гадоў. Праваабаронца згадвае, што іх стасункі пачаліся яшчэ ў канцы 90-х гадоў:

“Я быў знаёмы асабіста са спадаром Пушкіным, і мы вельмі добра адзін аднаго ведалі. Нават памятаю, што напрыканцы 90-х я абараняў яго ў судзе пасля яго чарговага перформанса. Быў яго прадстаўніком у адміністратыўным працэсе – тады яшчэ можна было быць прадстаўніком грамадскасці ў такіх працэсах. Дзесьці з таго часу ў нас такія даўнія стасункі”.

Як ліст трапіў да адрасата

Перадаць вестку ў турме складана, але вязні ўсё роўна знаходзяць такія магчымасці. Ліст Валянціну перадалі іншыя зняволеныя, з якімі Алесь перасякаўся ў так званых “адстойніках” – камерах, дзе чакаюць канвою:

“Гэты ліст перадалі мне хлопцы з маёй камеры №53, якія ездзілі на суды. Пушкін таксама ў гэты ж перыяд ездзіў на пасяджэнні. Яны перасякаліся ў так званых “адстойніках” – памяшканнях, дзе асобы пад вартай чакаюць канвоя ў суд ці размеркавання па камерах пасля судоў. Там можна правесці пэўны час разам з людзьмі з іншых камер. Такім чынам Алесь перадаў гэты ліст праз маіх сукамернікаў”.

Пра што пісаў Алесь Пушкін

У сваім лісце мастак апісвае суровыя рэаліі свайго зняволення. Ён паведамляе, што знаходзіцца ў карцары №2, дзе яму далі 13 сутак.

Таксама мастак у лісце турбуецца за іншых палітвязняў. Заўважыўшы, што насупраць яго карцара знаходзяцца жаночыя камеры, ён спадзяваўся падчас шпацыру даведацца, ці не там трымаюць каардынатарку валанцёрскай службы “Вясны” Марфу Рабкову. Акрамя таго, Алесь паведамляе пра сваю сітуацыю на судзе: яго адвакатку Юлію Юргілевіч пазбавілі ліцэнзіі, а ад прызначанага абаронцы ён адмовіўся сам, таму застаўся зусім без прававой дапамогі. Нягледзячы на гэта, мастак актыўна рыхтаваўся да выраку – ён напісаў сваё апошняе слова на 23 старонках і планаваў пазней перадаць яго журналістам.

Заканчваецца ліст вельмі цёплымі словамі да Валянціна: “Я вельмі рады, што ўдалося з табой скантактавацца, я цябе вельмі люблю! Аліну таксама, перадавай ёй прывітанне! Крэпкі!”.

“Развітальны ліст”

Для Валянціна Стэфановіча гэтая “малява” набыла асаблівы сэнс пасля жудасных навінаў, якія дайшлі да яго праз нейкі час. 11 ліпеня 2023 года Алесь Пушкін памёр праз несвоечасова аказаную медыцынскую дапамогу пры прабадной язве ў рэанімацыі гродзенскай бальніцы. Туды мастака прывезлі з гродзенскай турмы № 1. 

“Зараз гэты ліст успрымаецца мной як такі, у нейкім сэнсе, ужо развітальны ліст ад Алеся Пушкіна. Таму што калі я ўжо быў у калоніі, я ад мамы – калі хадзіў званіць ёй – даведаўся, што ён памёр”.