
У Музеі Вольнай Беларусі адкрыта выстава пад назвай «Кропка ўваходу». Выстава дэманструе рэчы тых, хто паўстаў у Беларусі на барацьбу за свабоду, годнасць і дэмакратыю.
Арганізатар і вядучы выставы Аляксей вельмі ўразіў наведвальнікаў расказамі пра артэфакты, гаворыць Аляксей:
– Калі мы задумвалі гэтую выставу, то мы падумалі, што неабходна паказаць тыя экспанаты, якія ў нас зараз займаюць найбольшую частку нашай калекцыі. На жаль, што гэта адбываецца, але мы рады, што можам гэта зафіксаваць, перадаць наступным пакаленням, Большасць экспанатаў, каторыя зараз прыходзяць да нас, гэта экспанаты палітвязняў.
Адзін з наведвальнікаў выставы, былы палітвязень, прафесар Аляксандр Фядута прызывае ўсіх, хто мае артэфакты, датычныя да барацьбы за нашу і вашу свабоду, прынесці іх у Музей:
– І я заклікаю тых, хто мае дачыненне не толькі да рэпрэсіяў, а ў якасці ахвяр альбо сведкаў, хто мае нейкія артэфакты з найноўшай беларускай гісторыі. Трэба захоўваць нашу агульную памяць, трэба, каб усё было тут.
З 2022 года Музей Вольнай Беларусі атрымаў ад наведвальнікаў і вывез з Беларусі больш за 680 экспанатаў. Праз калекцыянаванне артэфактаў сучаснай Беларусі грамадства зможа асэнсаваць цяжкія этапы барацьбы з дыктатурай, усвядоміць гераічныя памкненні тых, аддаў сваё жыццё, ахвяраваў свабодай, здароўем за дэмакратычную Беларусь, за шчаслівае, спакойнае жыццё нашых нашчадкаў.


