
За гады паслявыбарчых рэпрэсій лукашэнкаўскія ўлады не спыняліся перад пераследам найбольш уразлівых груп. За кратамі апынуліся людзі з інваліднасцю, адзінокія бацькі, шматдзетныя маці, цяжкахворыя, а таксама людзі сталага веку. Узрост і цяжкі стан здароўя не сталі для іх абаронай ад крымінальнага пераследу.
Паводле даных праваабарончага цэнтра «Вясна», па стане на 14 ліпеня ў Беларусі ў няволі ўтрымліваюцца як мінімум 57 палітвязняў пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту. Дзевяці з іх ужо споўнілася 70 гадоў.
Па стане на 14 ліпеня мінімум 42 палітвязні ўжо дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Сярод іх — 24 мужчыны і 18 жанчын. Большасць — 32 чалавекі — маюць 60 гадоў і больш, у тым ліку дзевяць — больш за 70 гадоў. Яшчэ 10 чалавек — гэта жанчыны, якія ўжо маюць права на пенсію паводле ўзросту, а таксама былыя супрацоўнікі сілавых структур, што атрымліваюць пенсію за выслугу гадоў.
Акрамя таго, яшчэ 15 палітвязняў — мужчыны ва ўзросце ад 60 да 62 гадоў. Паводле беларускага заканадаўства, яны яшчэ не дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (63 гады), але ўжо знаходзяцца ў перадпенсійным веку.
Такім чынам, агулам у месцах зняволення ў Беларусі ўтрымліваюцца не менш за 57 палітвязняў пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту. Многія з іх маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем.
