краты

Трох вядомых слонімскіх актывістаў – Алесь Масюк, Павел Севасцян і Віктар Марчык ужо пару месяцаў як знаходзяцца пад арыштам у следчым ізалятары. Пра іх затрыманне “Гарадзенскай праваабароне” стала вядома ўжо праз дзень, але з розных прычын мы не агучвалі гэтую інфармацыю. Зараз жа некаторыя інфармацыйныя каналы яе апублічылі.

Затрыманне слонімцаў адбылося ў рамках групавой крымінальнай справы, якая датычыць дзейнасці Беларускай рады культуры. Затрыманні па гэтай справе прайшлі і ў іншых гарадах Беларусі. Вядома, што слонімскія актывісты бралі ўдзел у некаторых культурных сустрэчах, што зараз у сумнавядомых рэаліях разбуранага прававога поля расцэньваюць у Беларусі як удзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання.

Алесь Масюк, Павел Севасцян і Віктар Марчык шматразова пераследаваліся ўладамі і ў мінулыя гады. Супраць іх неаднаразова вялі адміністрацыйныя справы, а таксама пачыналіся крымінальныя, рабіліся разнастайныя правакацыі.