Больш за 300 былых палітвязняў атрымалі фінансавую падтрымку, а каля 200 — дапамогу ментараў. За тры гады працы ініцыятыва Volnyja дапамагла сотням людзей вярнуцца да годнага жыцця.

Зміцер Фурманаў
Пра невялічкія вынікі трох год праекта і ідэю яго стварэння распавядае адзін з яго заснавальнікаў, гарадзенец і былы палітвязень, Зміцер Фурманаў:
– Насамрэч трохі больш за тры гады. Проста афіцыйна мы аформілі нашу дзейнасць тры гады таму. А насамрэч можна лічыць больш за тры з паловай гады мы працуем. І чаму я далучыўся? Бо калі мы гэтую ініцыятыву распрацавалі, у той час я быў на занятках беларускай праваабарончай школкі, і трэба было выпускны праект зрабіць.
Зміцер лічыць, што такія ініцыятывы актуальныя і будуць дзейнічаць пакуль існуе беларуская сістэма:
– Амаль кожны дзень выходзяць палітвязні. Ім патрэбная падтрымка. І ў Беларусі, і за мяжой, калі чалавек з’язджае сам, ці яго дэпартуюць. І каб людзі маглі рэсацылізавацца, то бок, вярнуцца ў звычайнае жыццё, як да таго, калі патрапілі за краты. І таму такія ініцыятывы патрэбныя. Мы не адна такая ініцыятыва. Даволі шмат розных – як ў Польшчы, так і ў Літве.
Пра вынікі працы ініцыятывы за гэты час можна падрабязней даведацца на тэлеграм-канале арганізацыі https://t.me/volnyjaa
Беларускае Радыё Рацыя
