Гарадзенскі аблвыканкам

Лукашэнка ў “кадравы дзень” зноў перакартаваў сваіх чыноўнікаў. Найбольш змены закранулі Гарадзенскую вобласць. Сама важнае прызначэнне – на падвышэнне пайшоў Сяргей Мядзвецкас, які дагэтуль кіраваў Астравеччынай. Цяпер ён узгоднены на пасаду першага намесніка старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму.

Астравецкі раён узначаліць Руслан Жукоўскі. Да гэтага часу ён займаў пасаду першага намесніка старшыні — начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Смаргонскага райвыканкаму.

Віталь Шулейка ўзгоднены на пасаду старшыні Слонімскага райвыканкаму. Раней ён быў першым намеснікам старшыні — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкаму.

Новага начальніка вертыкалі атрымаў і Шчучынскі раён – на пасаду старшыні Шчучынскага райвыканкаму ўзгоднены Ігар Аверка. Для яго гэта падвышэнне з пасады першага намесніка старшыні — начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання гэтага ж райвыканкаму.

Уладзіслаў Гершгорын узначаліць адміністрацыю Ленінскага раёну Гародні. Раней, з 2019 па 2026 год, ён кіраваў Ашмянскім раёнам.

Такім чынам ажно ў пяці раёнах вобласці будуць новыя начальнікі.