Анджэй Пачобут

Анджэй Пачобут падчас сустрэчы ў Вільні 22 ліпеня. Фота: facebook.com/harecki

Незалежная грамадская і палітычная дзейнасць у сённяшняй Беларусі практычна немагчымая, а сама краіна знаходзіцца за крок ад ператварэння ў таталітарную дзяржаву. Такую ацэнку журналіст і былы палітвязень Анджэй Пачобут даў падчас сустрэчы ў Вільні 22 ліпеня.

«Калі казаць увогуле пра магчымасць нейкай незалежнай палітычнай дзейнасці, я не чуў, каб такое было магчыма ў сённяшняй Беларусі. Калі б вы мяне цяпер спыталі, як я гэта вызначаю, то я б сказаў, што Беларусь — за пяць хвілін да таталітарнай дзяржавы», — заявіў Пачобут.

На яго думку, у цяперашніх умовах поспехам можна лічыць нават магчымасць запаволіць гэты працэс.

«Калі ўдасца з гэтых пяці хвілін зрабіць дзесяць ці пятнаццаць, то і гэта будзе вялікім поспехам. На жаль, цяпер вось такі калідор магчымасцяў», — адзначыў журналіст.

Шмат што, паводле Пачобута, будзе залежаць ад развіцця падзей ва Украіне: чым скончыцца вайна і якім пасля яе стане баланс сіл ва ўсім рэгіёне.

«Магчыма, сітуацыя зменіцца. Усё залежыць ад таго, як будуць развівацца падзеі ва Украіне, чым скончыцца гэтая вайна, якім будзе расклад сіл у рэгіёне», — сказаў ён.

«У мяне адчуванне, што я паміж адным светам і іншым»

Падчас сустрэчы Пачобут таксама пацвердзіў раней агучаныя планы ў верасні вярнуцца ў Гродна і далучыцца да дзейнасці Саюза палякаў у Беларусі.

Журналіст патлумачыў, што не збіраўся пакідаць краіну. Паводле яго, ён мог з’ехаць яшчэ ў 2021 годзе, пасля першых месяцаў зняволення, але не зрабіў гэтага.

Сітуацыя змянілася, калі да перамоў наконт яго вызвалення далучыліся амерыканцы і атрымалі ад беларускіх уладаў запэўненне, што пасля выезду Пачобут зможа вярнуцца.

«Мне далі пашпарт. Я вяртаюся, планую вярнуцца ў верасні ў Гродна і прымаць удзел у дзейнасці Саюза палякаў у Беларусі. Гэтыя мае планы, па сутнасці, цягам апошніх дзесяці гадоў не мяняліся. Таму для мяне гэта натуральны выбар», — заявіў ён.

Пачобут прызнаўся, што вяртанне дадому было яго галоўнай марай за кратамі.

«Цяжкое жыццё ў турме было. Пра што марылася? Мне марылася, што я вярнуся дадому. Дадому я пакуль не вярнуўся, але веру, што ў верасні вярнуся. Цяпер у мяне такое адчуванне, што я знаходжуся паміж адным светам і іншым. І я хачу ў Гродна», — сказаў журналіст.

Асабліва цяжкім пасля вызвалення стала ўсведамленне таго, колькі часу ён страціў у адносінах са сваімі дзецьмі. Пры затрыманні Пачобута яго сыну было 11 гадоў, цяпер яму ўжо 16.

«Самы вялікі шок быў, калі я ўбачыў сына: ён ужо вышэйшы за мяне. Калі цябе няма, тваё месца займае пустка. А пасля ты з’яўляешся. І насамрэч гэта не ўсё так лёгка і прыемна — гэта ўсё ж жыццё», — падзяліўся ён.

Пачобут пагадзіўся са словамі пісьменніка Варлама Шаламава, што турэмны досвед не прыносіць чалавеку ніякай карысці: «Гэта горкі досвед, якога лепш увогуле не мець».

Палякі ў Беларусі могуць зноў застацца без голасу

Асобную ўвагу Пачобут прысвяціў становішчу польскай меншасці. Паводле яго, і беларускія ўлады, і самі палякі разумеюць: можа скласціся сітуацыя, калі ў польскай супольнасці ўвогуле не застанецца ніякага прадстаўніцтва і прысутнасці ў публічнай прасторы.

«Польскасць будзе асуджаная на замоўчванне. Як гэта было ў савецкія часы», — папярэдзіў ён.

Пачобут прызнаў, што дзейнасць Саюза палякаў у Беларусі сёння вельмі моцна абмежаваная. У прыватнасці, у межах арганізацыі фактычна немагчыма выкладаць гісторыю такой, якой яе бачаць самі прадстаўнікі польскай супольнасці.

«Гаварыць пра тую гісторыю, пра якую гаварыць дазволена, ніхто не хоча. А гаварыць пра тое, як было насамрэч, нельга, бо гэта выклікае рэпрэсіі. У тым ліку і мая крымінальная справа была звязаная менавіта з такім поглядам на гістарычныя падзеі», — нагадаў Пачобут.

Разам з тым пры Саюзе захоўваецца магчымасць вывучаць польскую мову. На думку журналіста, ужо сам факт існавання арганізацыі і захавання хоць нейкай публічнай прысутнасці мае для польскай меншасці надзвычайнае значэнне.

Ён згадаў, што ў савецкія часы на Гродзеншчыне польскасць была амаль цалкам выцесненая з грамадскай прасторы. У адрозненне ад Віленшчыны, дзе працавалі польскія школы і выходзіла польскамоўная газета, у Гродне і наваколлі такіх магчымасцяў не было.

«Ніякай прысутнасці ў публічнай сферы не было. Польскасць на Гродзеншчыне была асуджаная на замоўчванне. Прыклад Віленшчыны меў вельмі істотны ўплыў яшчэ на самым пачатку польскага руху ў Беларусі. З Радуні ці нават з Ліды было бліжэй ехаць па польскую культуру менавіта ў Вільню. І гэта распаўсюджвалася на ўвесь Гродзенскі рэгіён», — расказаў Пачобут.

Анджэй Пачобут — журналіст Gazeta Wyborcza і адзін з лідараў польскай меншасці ў Беларусі. Яго затрымалі ў Гродне ў сакавіку 2021 года, а ў лютым 2023‑га асудзілі на восем гадоў калоніі паводле абвінавачанняў у «распальванні варожасці» і «закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы». Падставай для пераследу, сярод іншага, сталі яго публікацыі і погляды на гістарычныя падзеі. Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязнем.

28 красавіка 2026 года яго вызвалілі пасля больш як пяці гадоў няволі ў межах абмену паміж Беларуссю і Польшчай і перадалі польскаму боку. Сам Пачобут настойвае, што яго дом застаецца ў Гродне.

Наша Ніва