
У Варэнскім раёне Літвы, які мяжуе з Гарадзенскай вобласцю Беларусі, знайшлі падземны тунэль, які мог быць вырыты для перапраўкі нелегальных мігрантаў у ЕЗ.
Літоўскія памежнікі на мінулым тыдні заўважылі вібрацыі грунту на паверхні зямлі каля адной з вёсак акурат каля дзяржаўнай мяжы і западозрылі, што побач можа капацца падземны тунэль. З дапамогай абсталявання, якое перадалі польскія калегі, патрульныя прасвідравалі на месцы меркаванага таемнага ходу западзіну, паведамляе памежная служба пры МУС краіны.
Пасля ўчастак з літоўскага боку раскапалі з дапамогай экскаватару – такім чынам быў выяўлены канал, які вёў з Беларусі ў Літву, але яшчэ не быў скончаны.
Паведамляецца, што тунэль знаходзіўся на глыбіні прыблізна 1,5 м, ягоны дыяметр каля 1 м. «Будаўнікі» паспелі пракапаць з беларускага боку каля 5 метраў углыб літоўскай тэрыторыі ад лініі мяжы.
«Ён не меў выхаду на тэрыторыю Літвы, і нелегальныя мігранты або іншыя асобы не мелі магчымасці трапіць у нашу краіну праз гэты тунэль».
Літоўскія службы правялі неабходныя працэсуальныя дзеянні і засыпалі зямлёй ход, які, як падазраюць памежнікі, мог прызначацца для нелегальных мігрантаў.
Распачата дасудовае расследаванне. Паведамляецца, што такія незаконныя дзеянні каля мяжы па мясцовых законах могуць карацца штрафам або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.
Нагадаем, спробы мігрантаў трапіць у Еўразвяз праз Беларусь не спыняюцца, хоць хвалі сталі меншымі. У пачатку траўня літоўскія памежнікі таксама знайшлі выкапаны тунэль, праз які ў краіну прайшлі 18 замежнікаў. Іх затрымалі і перадалі назад у Беларусь. Падобны праход знаходзілі і за месяц да гэтага – у красавіку. Як кажуць у ДПС Літвы, мігранты робяць такія камунікацыі і праходзяць праз іх у суседнія краіны «не без ведама беларускіх чыноўнікаў».
Белсат
