
МУС Польшчы мае намер да канца 2026 года ініцыяваць папраўкі ў Закон аб іншаземцах, якія павялічаць тэрмін дзеяння польскага праязнога дакумента для грамадзян Беларусі. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё паведаміла юрыстка ў галіне легалізацыі іншаземцаў у Польшчы Вольга Дабравольская.
Таксама прадстаўнікі міністэрства правялі кансультацыі з Камісіяй фінансавага нагляду. Там паведамілі, што ў выпадку прамога замацавання адпаведнай нормы ў законе банкам будуць рэкамендаваць прымаць польскі праязны дакумент у якасці дакумента, які сведчыць асобу.
Па словах юрысткі, на сустрэчы ў МУС Польшчы ёй паведамілі, што не лічаць патрэбным асобна замацоўваць у законе палажэнне аб тым, што польскі праязны дакумент пацвярджае асобу, паколькі, на іх думку, гэта вынікае з яго статусу.
На той жа сустрэчы, у якой удзельнічалі і прадстаўнікі НАУ, польскія чыноўнікі адзначылі, што нормы, якія датычацца польскага праязнога дакумента, даўно не пераглядаліся, і назвалі змены неабходнымі для беларусаў. Па іх словах, яны мяркуюць дамагчыся іх прыняцця да канца 2026 года.
“Гэта ўжо не абстрактныя планы на некалькі гадоў, а канкрэтны тэрмін”, — сказала Вольга Дабравольская.
