
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
31 ліпеня 2026 г.
У сувязі з новымі выпадкамі асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны ў сувязі з дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрымана інфармацыя пра пазбаўленне волі за абразу прадстаўнікоў улады і А.Лукашэнкі, іншыя формы мірнай рэалізацыі свабоды мяркаванняў:
Аксана Вальвачова асуджана па абвінавачанні у “закліках да незаконных дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь” і абразе А. Лукашэнкі па арт. 361 і 368 Крымінальнага кодекса да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Юрый Дашкевіч асуджаны па абвінавачанні ў абразе прадстаўніка ўлады і А. Лукашэнкі па арт. 368 і 369 да двух гадоў 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову, адбывае пакаранне;
Генадзь Карнеевец асуджаны па абвінавачанні ў падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх, абразе А. Лукашэнкі і паклёпе на яго, паклёпе на былую кіраўніцу Цэнтральнай выбарчай камісіі Л. Ярмошыну да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі па арт. 342, 368, 367, 188 Крымінальнага кодэкса;
Дзмітрый Мязяк асуджаны па абвінавачанні ў паклёпе на А. Лукашэнку да трох гадоў 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову, адбывае пакаранне;
Кірыл Слівец асуджаны па абвінавачанні у “закліках да незаконных дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь” па арт. 361 Крымінальнага кодекса да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Таксама ў сувязі з інфармацыяй аб асуджэнні па арт. 342 КК (Падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Івана Літвіна да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову, адбывае пакаранне, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем, што пераслед асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя масавых беспарадках мы ацэньваем як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Адначасова адзначаем, што па-ранейшаму Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць змен у дзяржаве і яе палітыцы, падтрымліваюць антываенны курс і фармуюць антываенную грамадскую думку. Шэраг СМІ таксама прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі. Гэта, у сваю чаргу, адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспондэнтаў, а таксама за ўсе формы падтрымкі такіх суб’ектаў як непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў.
Стала вядома пра змяшчэнне пад варту і асуджэнне да пакарання, звязанага з пазбаўленнем волі ў сувязі з узаемадзеяннем з “экстрэмісцкімі фармаваннямі” і ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў Алеся Масюка, Паўла Севасцьяна, Віктара Марчыка, Віталіны Міхаленя, Андрэя Печаня, Андрэя Гарбанава, Вадзіма Багданава.
Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй свабоды выказвання меркаванняі, асацыяцый і мірных сходаў, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітвязняў Аксану Вальвачову, Юрыя Дашкевіча, Генадзя Карнееўца, Дзмітрыя Мязяка, Кірыла Сліўца, Івана Літвіна, Алеся Масюка, Паўла Севасцьяна, Віктара Марчыка, Віталіну Міхаленя, Андрэя Печаня, Андрэя Гарбанава, Вадзіма Багданава;
- прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 361, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі ПЭН.
