
Вашай увазе каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на жнівень 2026 году.
1 жніўня
165 гадоў таму (1861) – У маёнтку Дзявенты (?, цяпер частка в. Навасады, Вялейскі р-н ці цяпер в. Дзевятня, Смаргонскі р-н) памёр Ігнат Ходзька, пісьменьнік, мемуарыст. Пахаваны ў родавым склепе на могілках в. Войстам (Смаргонскі р-н).

105 гадоў таму (1921) – У в. Пудзіна (Наваградскі р-н) нарадзіўся Уладзімір Урбановіч, беларускі краязнавец, педагог, культуролаг.

3 жніўня
55 гадоў таму (1971) – У Менску памёр Янка Маўр (сапр. Фёдараў), беларускі пісьменьнік, перакладнік, адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры. Пахаваны на Усходніх могілках. У 1910-11 гадах працаваў у мястэчку Турэц (Карэліцкі р-н).

5 жніўня
565 гадоў таму (1461) – У Кракаве нарадзіўся Аляксандар, вялікі князь ВКЛ у 1492-1506 гг.

140 гадоў таму (1886) – У в. Дакудава (Лідзкі р-н) нарадзіўся Браніслаў Ямант, беларуска-польскі мастак, педагог.

25 гадоў таму (2001) – У Менску памёр Вячаслаў Адамчык, беларускі пісьменьнік. Нараджэнец в. Варакомшчына (Дзятлаўскі р-н). Пахаваны на менскіх Кальварыйскіх могілках.

8 жніўня
60 гадоў таму (1976) – У г. Глен Спэй (ЗША) памёр Мікалай Лапіцкі, праваслаўны сьвятар, рэлігійна-грамадзкі дзеяч беларускага замежжа. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Жыў і працаваў у Ашмяне ў 1934-35 гг.

9 жніўня
Сусьветны дзень карэнных народаў.
170 гадоў таму (1856) – У маёнтку Вашкоўцы (Ляхавіцкі р-н) памёр Фларыян Бохвіц, асьветнік, філосаф, пісьменьнік. Пахаваны ў в. Дарава (Ляхавіцкі р-н). Нараджэнец Міра.
100 гадоў таму (1926) – У мяст. Мір (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Янка Запруднік (сапр. Сяргей Вільчыцкі), беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, палітолаг, эмігрант (ЗША).

10 жніўня
230 гадоў таму (1796) – У в. Малая Капліца (Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Ігнат Легатовіч, беларуска-польскі паэт, педагог.
11 жніўня
55 гадоў таму (1971) – У Гародні адбылася дэманстрацыя хіпі, якая была жорстка разагнаная міліцыяй.
12 жніўня
85 гадоў таму (1941) – У Ганцавічах фашыстамі расстраляны Генрык Дэмбінскі, удзельнік заходнебеларускага дэмакратычнага руху, публіцыст. Пасьля 1-й сусьветнай вайны і да 1932 г. жыў у Ашмяне.
13 жніўня
115 гадоў таму (1911) – У в. Малышкаўшчына (Ашмянскі р-н) нарадзіўся Вінцэнт Склубоўскі, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, актывіст ТБШ, пасьля другой сусьветнай вайны дзеіў на Беласточчыне.
105 гадоў таму (1921) – У в. Краскоўскія Горы (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Кастусь Шышэя (псеўданім Арол), дзеяч беларускага вызвольнага руху, вязень савецкіх канцлагераў.

14 жніўня
85 гадоў таму (1941) – У Асьвенціме загінуў Максіміліян Кольбэ, рымска-каталіцкі дзеяч, які ахвяраваў жыцьцём за іншага чалавека. У 1922-27 гг. служыў у Гарадзенскім кляштары францішканцаў. Пазьней кананізаваны.

15 жніўня
305 гадоў таму (1721) – У Бярдычаве (Украіна) памёр Крыштап Станіслаў Завіша, пісьменьнік-мемуарыст, перакладнік, аратар, дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
195 гадоў таму (1831) – У в. Селішча (Карэліцкі р-н) нарадзіўся (паводле інш. зьв. 15 чэрв.) Вінцэсь Каратынскі, беларуска-польскі паэт, публіцыст, перакладнік.

18 жніўня
135 гадоў таму (1891) – У в. Баброўня (Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Макар Краўцоў (сапр. Макар Косьцевіч, загінуў у Беластоку ў зьняволеньні ў сьнеж. 1939 г.), беларускі паэт, пісьменьнік, удзельнік Слуцкага паўстаньня.

20 жніўня
520 гадоў таму (1506) – Памёр Аляксандар Ягелончык (ці 19-га), вялікі князь ВКЛ у 1492-1506 гг. Пахаваны ў Вільні.
15 гадоў таму (2011) – У Менску памёр Віталь Скалабан, беларускі гісторык, літаратуразнавец, архівіст. Нараджэнец в. Шылавічы (Слонімскі р-н). Пахаваны на менскіх Паўночных могілках.

21 жніўня
20 гадоў таму (2006) – У Менску памёр Іван Чыгрын, беларускі літаратуразнавец, паэт, крытык. Нараджэнец в. Чамяры (Слонімскі р-н). Пахаваны ў Менску.

22 жніўня
410 гадоў таму (1616) – У Жыровічах у дзень асьвячэньня Усьпенскага сабору канцлер ВКЛ Леў Сапега падарыў манастыру “Евангельле”.
110 гадоў таму (1916) – Нямецкія войскі каля в. Белая (Смаргонскі р-н) прымянілі хімічную газавую атаку супраць расейскага войска. Загінулі 116 чалавек.
23 жніўня
Еўрапейскі дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму.
125 гадоў таму (1901) – У Менску нарадзіўся Аляксандр Дзяруга, беларускі дзеяч самадзейнага мастацтва, арганізатар і кіраўнік (1948-79 гг.) Смаргонскага народнага цымбальнага аркестру.
24 жніўня
120 гадоў таму (1906) – У фальв. Баўдыры (Смургонскі р-н) нарадзіўся Юльян Саковіч, дзеяч беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, актывіст ТБШ і КПЗБ, Беларускай народнай самапомачы.

40 гадоў таму (1986) – У Гародні прайшоў першы Дзень народнага майстра.
25 жніўня
35 гадоў таму (1991) – Вярхоўны Савет БССР надаў “Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР” канстытуцыйны статус і прыпыніў дзейнасьць КПБ.
35 гадоў таму (1991) – У Чыкага памёр Вацлаў Папуцэвіч (у эміграцыі Пануцэвіч), беларускі грамадзкі дзеяч, гісторык, дзеяч эміграцыі (Нямеччына, ЗША). Пахаваны на могілках Святога Адальберта ў Найлсе, прыгарадзе Чыкага. Нараджэнец в. Малая Альшанка (Гарадзенскі р-н).

26 жніўня
165 гадоў таму (1861) – У Гародні прайшла рэлігійна-палітычная маніфэстацыя на чале з ксяндзом Юзафам Маеўскім супраць расейскай акупацыйнай палітыкі.
27 жніўня
120 гадоў таму (1906) – У в. Лявонавічы (Нясьвіжскі р-н, паводле энцыклапедый, насамрэч у Пецярбургу) нарадзіўся Сяргей Новік-Пяюн, беларускі паэт і пісьменьнік. З 1931 да 1945 гг. жыў у Слоніме.

110 гадоў таму (1916) – У в. Расуха (Мглінскі пав., цяпер Чарнігаўская вобл., Украіна) памёр Уладзіслаў Вярыга, філосаф і этнограф, зьбіральнік беларускага фальклёру. Апублікаваў працу «Беларускія думкі з вёскі Глыбокае Лідскага павету Віленскай губерні, запісаныя ў 1885 годзе», якая зьмяшчае 45 беларускіх народных песень. Выдаў кнігу «Беларускія паданні» (Львоў, 1889), якая зьмяшчае 32 беларускія казкі зь Лідскага павету.

29 жніўня
270 гадоў таму (1756) –У мяст. Жнін (Гнезьненскае ваяв., Польшча) нарадзіўся Ян Сьнядэцкі, астраном, матэматык, філосаф, асьветнік Рэчы Паспалітай. Сямейны маёнтак і пахавальная капліца былі ў Гародніках (Гарадках, Ашмянскі р-н).

45 гадоў таму (1981) – У Ленінградзе (Расея) памёр Іван Жангаловіч, навуковец-астраном, гравіметрыст, геадэзіст. Нарадзіўся і правёў дзяцінства ў Гародні.

30 жніўня
Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў.
31 жніўня
30 гадоў таму (1996) – Памёр Пятрусь Макаль, беларускі літаратар. Вучыўся і працаваў у Гародні.

