закінуты дом

За красавік-чэрвень бягучага года ў рэгіёнах Беларусі прададзена ажно 357 безгаспадарных жылых дамоў, паведамляе Дзяржаўны камітэт па маёмасці. Характэрна, што 193 аб’екты (больш за палову) пайшлі па мінімальнай цане – адна базавая велічыня.

Найбольш такіх дамоў прадаюць якраз на Гарадзеншчыне.

Рэгіянальны рэйтынг продажаў:

Гарадзенская вобл. – 96

Менская вобл. – 64

Берасцейская вобл. – 63

Віцебская вобл. – 57

Магілёўская вобл. – 56

Гомельская вобл. – 21

Вядомы беларускі журналіст Мікола Бянько піша пра гэты працэс так:

Амаль ва ўсіх раёнах краіны сельсаветы прапаноўваюць без аўкцыёну купіць дом усяго за адну базавую велічыню. Калі знойдуцца некалькі пакупнікоў, правядуць таргі. На першы погляд, гэта выглядае разумным спосабам вярнуць жыццё ў закінутыя вёскі і знайсці новых гаспадароў для пустой нерухомасці.

Праблема сапраўды існуе. Паводле Белстата, на 1 студзеня 2026 года ў Беларусі пражывала 9,06 мільёна чалавек. З іх толькі 1,9 мільёна — у сельскай мясцовасці. Больш за тое, усё сельскае насельніцтва краіны ўжо меншае за колькасць жыхароў Мінска. Толькі за мінулы год Беларусь страціла яшчэ каля 53 тысяч чалавек. Па сутнасці, адбываецца паскоранае знікненне беларускае нацыі, у тым ліку беларускай вёскі, якая стагоддзямі была асновай нацыянальнай культуры, мовы і ідэнтычнасці.

Менавіта на гэтым фоне ўлады прапануюць простае рашэнне: максімальна спрасціць пераход нерухомасці да новых уласнікаў. Указ Лукашэнкі №116 дазволіў прадаваць сельскія дамы нават без поўнага пакета правазасведчвальных дакументаў, рэгістраваць здзелкі бясплатна, а кошт зніжаць да адной базавай велічыні. Створаны адзіны рэестр пустуючых дамоў, спрошчаны працэдуры продажу і нават зносу старых будынкаў. З пункту гледжання чыноўніка ўсё выглядае лагічна: хутчэй прыбраць руіны, хутчэй знайсці новага гаспадара, хутчэй навесці парадак.

Аднак менавіта тут і закладзена галоўная небяспека. Праблема не ў тым, што людзі могуць танна набыць закінуты дом. Праблема ў тым, што дзяржава ўсё больш лёгка абыходзіцца з самім правам прыватнай уласнасці. Калі дом можна прызнаць пустуючым, выставіць на продаж без поўнага пацвярджэння гісторыі ўласнасці, а часам і знесці па спрошчанай працэдуры, гэта азначае, што гарантыі недатыкальнасці маёмасці становяцца ўмоўнымі. У краіне, дзе суды не з’яўляюцца незалежнымі, такая практыка ператвараецца ў чарговую форму прававога нігілізму.

Асабліва небяспечнай гэтая сістэма выглядае ў доўгатэрміновай перспектыве. Сёння можа здавацца, што ў дома няма гаспадара. Але гісторыя не заканчваецца разам са смерцю апошняга ўладальніка. Праз дзесяць ці дваццаць гадоў могуць адшукацца ўнукі, праўнукі, сваякі, людзі, якія пасля эміграцыі захочуць вярнуцца да сваіх каранёў. Для іх галоўнай каштоўнасцю будзе нават не старая хата, а зямля, на якой яна стаіць. Бо будынак можна аднавіць або пабудаваць новы, а зямля — гэта рэсурс, колькасць якога не павялічваецца.

Замест таго каб стымуляваць добраахвотнае афармленне спадчыны, шукаць уласнікаў, развіваць механізмы захавання сямейнай маёмасці, дзяржава фактычна прывучае грамадства да іншай логікі: калі гаспадара не відаць — значыць, можна забраць. Гэта небяспечная маральная мадэль. Бо заўтра ў такой жа сітуацыі можа апынуцца ўжо маёмасць сённяшніх пакупнікоў. Калі права ўласнасці залежыць ад палітычнай волі дзяржавы, абароненых уласнікаў не існуе.

Не менш важныя і сацыяльныя наступствы. Разам са старымі хатамі знікаюць гісторыі сем’яў, памяць пра вёскі, традыцыйная забудова, цэлыя пласты беларускай спадчыны. Пасля зносу застаюцца не новыя населеныя пункты, а пустыя пляцоўкі. Вёска страчвае не толькі дамы, але і сваю біяграфію.

Менавіта таму распродаж “безгаспадарчых” дамоў нельга разглядаць толькі як гаспадарчую меру. За прыгожымі словамі пра навядзенне парадку хаваецца значна больш глыбокі працэс — паступовае размыванне права ўласнасці і канчатковае разбурэнне гістарычнай беларускай вёскі. А гэта яшчэ адзін крок да страты нацыянальнай памяці.